Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распаце́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які распацеў, спацелы. [Музыканты] выходзілі за кулісы, і распацелыя ад танцаў хлопцы падносілі ім па шклянцы гарэлкі. Прокша. [Старшыня] накінуў на распацелую спіну скарэлы ад гразі шынель. Быкаў.

распаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць потным, спацець. [Бацька:] — У цябе часта бывае ангіна? [Віка:] — Не часта, але бывае. Мы працавалі на ферме. Я распацела і напілася вады. Шамякін.

распача́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распачаць.

2. у знач. прым. Якім ужо карысталіся, не новы, не цэлы. [Мядзведзь] знайшоў .. распачатую бутэльку мёду .. і палічыў, што за такую работу мае на яе права. Караткевіч.

распача́цца, ‑чнецца; зак.

Пачацца ў некалькіх месцах адразу; пачацца інтэнсіўна, актыўна. — Уборачная не сёння — заўтра распачнецца. Васілевіч. Недзе далёка пачуўся прыглушаны выбух і ўслед за гэтым распачалася кулямётная страляніна. Сіняўскі.

распача́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. распачаў, ‑ла, ‑ло; зак., што.

1. Інтэнсіўна, актыўна прыступіць да ажыццяўлення чаго‑н.; узяцца за якую‑н. работу, занятак; пачаць. Распачаць будаўніцтва. □ Усе пяць салдат аддзялення Сладкова распачалі аўтаматную страляніну па амбразуры. Сіняўскі. Вядома, і я быў вельмі рады, калі .. [дзед Мацей] аднаго разу распачаў са мной гаворку пра язёў. Ляўданскі.

2. Пачаць карыстацца чым‑н., ужываць што‑н. Буфетчыца, прывабная маладая кабеціна з белымі поўнымі рукамі, сказала, што піва не свежае, — бочку распачалі аж учора раніцай. Гаўрылкін.

распачлі́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць распачлівага.

распачлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і роспачны. Сярод шуму і гуду пажару, трэску і грукату падаўшых перагарэлых бэлек і сцен чуліся распачлівыя, надрыўныя крыкі людзей. Колас. З цемры даносіўся ціхі плач жанчыны, у голасе якой адчувалася нешта набалелае, бяссільнае, распачлівае. Карпюк.

распачына́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распачацца.

2. Зал. да распачынаць.

распачына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распачаць.

распашо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Кароткая кашулька для груднога дзіцяці з разрэзам да нізу, але без засцежкі. За пражытыя паўгода Люда вырасла з распашонкі, і яна прыкрывала яе толькі да палавіны. Васілевіч.