Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распаўсю́джанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць распаўсюджанага. Па сваёй распаўсюджанасці і прымяненню вуда займае першае месца сярод спартыўных рыбалоўных прылад. Матрунёнак.

распаўсю́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распаўсюджваць — распаўсюдзіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распаўсюджвацца — распаўсюдзіцца.

распаўсю́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаўсюдзіць.

2. у знач. прым. Звычайны, пашыраны. Распаўсюджаныя віды раслін. Распаўсюджаная думка. □ У тую вайну .. [хвароба скуры] была вельмі распаўсюджаная хвароба. Шамякін.

распаўсю́джвальнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца распаўсюджваннем чаго‑н. Распаўсюджвальнік кніг. □ Стары камуніст, член партыі з 1919 года, Г. Севасцянаў на працягу многіх год працуе грамадскім распаўсюджвальнікам друку. «ЛіМ».

распаўсю́джвальніца, ‑ы, ж.

Жан. да распаўсюджвальнік.

распаўсю́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распаўсюджваць — распаўсюдзіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распаўсюджвацца — распаўсюдзіцца.

распаўсю́джвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распаўсюдзіцца.

2. Зал. да распаўсюджваць.

распаўсю́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Незак. да распаўсюдзіць.

2. Вылучаючы з сябе, напаўняць, насычаць што‑н. Клямт панура паварушыў плячыма, уявіўшы, як .. [мёртвыя] будуць валяцца на полі, гніючы ад спёкі, распаўсюджваючы смурод. Мележ.

распаўсю́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

Ахапіць сабой большы круг з’яў, асоб або прадметаў, большую тэрыторыю; пашырыцца. Пасевы бавоўны распаўсюдзіліся ў Савецкім Саюзе параўнальна нядаўна. Стаханаўскі рух распаўсюдзіўся і ў сельскай гаспадарцы. // Стаць вядомым многім. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла. Такія паэтычныя творы бываюць асуджаны па тое, што яны астаюцца каштоўнасцю адной краіны, аднаго народа, калі ў іх наогул ёсць сіла распаўсюдзіцца ў дадзенай краіне. Клышка.

распаўсю́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Пашырыць сферу дзеяння на каго‑, што‑н. Маркс і Энгельс пераадолелі ідэалізм і метафізіку розных філасофскіх плыняў, злучылі матэрыялізм з дыялектыкай, распаўсюдзілі яго палажэнні на пазнанне грамадскіх працэсаў. «Звязда». Грамада распаўсюдзіла свой уплыў на тысячы беларускіх вёсак. «Полымя». // Перанесці, разнесці (заразу). // Зрабіць што‑н. вядомым, даступным многім. Распаўсюдзіць чутку. Распаўсюдзіць ілжывыя звесткі.

2. Раздаць, прадаць многім. Распаўсюдзіць латарэйныя білеты. □ Літаральна праз два тыдні пасля крывавых падзей 1905 года ў Пецярбургу таварыства распаўсюдзіла рэвалюцыйныя пракламацыі. «ЛіМ».