Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вызнача́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для вызначэння чаго‑н. Вызначальныя рысы. Вызначальныя адзнакі.

2. Які сабою вызначае, абумоўлівае што‑н. Вызначальны момант.

вы́значаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вызначыць.

2. у знач. прым. Дакладна ўстаноўлены, прызначаны. Вызначаны час.

вызнача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да вызначыцца.

2. Зал. да вызначаць.

вызнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вызначыць.

вы́значыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Набыць выразны характар, стаць відным. На шэрым фоне ўваходу [у пячору] вызначылася нейкая вялікая цёмная маса, спынілася, быццам здзіўленая, — пачуўся грозны, хрыплы рык. Маўр. // Раскрыць свой змест, форму. Спецыфіка прадмета вызначылася не адразу. // Выразна акрэсліцца. У адным месцы абора разбэрсалася, анучы аб’ехалі ўніз і вызначылася форма нагі. Чорны.

2. Поўнасцю скласціся. Марцін адчуваў, што Ганнін лёс ужо вызначыўся, як мае быць. Чорны.

3. Вылучыцца з ліку іншых чым‑н. Вызначыцца сваёй храбрасцю. □ Гонар зрэзаць і звязаць апошні сноп дастаецца таму, хто вызначыўся на ўборцы. Хадановіч.

4. чым. Стаць знамянальным, паказальным дзякуючы чаму‑н. Наш век вызначыўся выкарыстаннем атамнай энергіі.

вы́значыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Распазнаць, высветліць што‑н. невядомае, няяснае. Вызначыць прычыну. □ Вартавы драмаў, утуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Лупсякоў. // Разабрацца ў чым‑н., усвядоміць сабе. Вызначыць сваё становішча. // Дакладна ўстанавіць што‑н. Вызначыць цэны. Вызначыць адлегласць. □ [Ганна Аляксандраўна:] — Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць. Ваданосаў. Маракі казалі, што па тым, як сядзяць чайкі, можна вызначыць напрамак ветру з дакладнасцю да градуса. М. Стральцоў.

2. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго‑н.; ахарактарызаваць. Вызначыць творчы метад пісьменніка. Вызначыць прадмет палітэканоміі.

3. Загадзя прызначыць, назначыць. Штаб атрада не вызначыў ..[Міколу] на гэту аперацыю — у групу падбіраліся перш за ўсё тыя партызаны, якія добра ведалі мясцовасць. Якімовіч. // Намеціць наперад кірункі, шляхі развіцця. Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі і парамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы. Гурскі.

4. З’явіцца прычынай чаго‑н., абумовіць сабою што‑н. У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Крапіва.

5. Абазначыць якім‑н. чынам. Вызначыць мяжу слупкамі. □ Доўга яны [жанчыны] вазіліся ля сукенкі, прымаючы ўсе магчымыя захады, каб як мага яскравей вызначыць талію. Корбан.

6. Выдзеліць, прызначыць што‑н. для каго‑, чаго‑н. Вызначыць сродкі на будаўніцтва. □ Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі. Бядуля.

7. Вынесці рашэнне, пастанову. Вызначыць меру пакарання.

вызначэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. вызначаць — вызначыць (у 1, 2, 3, 5, 6 і 7 знач.).

вы́зубіцца, ‑біцца; зак.

Стаць вызубленым; вышчарбіцца.

вы́зубіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

Нарабіць выемак, шчарбін на чым‑н.; вышчарбіць. Вызубіць сякеру. Вызубіць нажніцы.

вы́зублены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вызубіць.

2. у знач. прым. З пашкоджаным лязом; вышчарблены.