Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Загадка, у якой загаданае слова падзяляецца на часткі, кожная з якіх — самастойнае слова, якое трэба адгадаць, каб выйшла галоўнае слова (напрыклад: Я — майка: востраў Ямайка).

[Фр. charade.]

шара́к, ‑а, м.

Разм.

1. Шэры заяц. Дзямід Сыч убачыў, як шарак .. падскочыў у паветра і зараз жа мяшком упаў уніз. Паслядовіч.

2. Верхняе адзенне (кафтан) з шэрага сукна. Ён апрануў стары шарак, Абуў старыя лапці дзед: Ні то — скрыпач, ні то — жабрак? Бялевіч.

шаране́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Абл. Замярзаць, пакрывацца тонкай ледзяной скарынкай. Шаранеюць дрэвы на высокіх пясчаных берагах. Лужанін. Снег скрыпіць пад нагамі. Вушанка мая шаранее. Свірка.

шарападо́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шарападобнага. Шарападобнасць зямлі.

шарападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд шара, падобны на шар. Шарападобныя бактэрыі. Шарападобныя кроны дрэў.

шара́х, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шарахаць — шарахнуць і шарахацца — шарахнуцца. [Грышук:] — Даходзяць гэта ўжо да нашай Пятроўкі, а ўласаўцы, што ішлі ў першай шарэнзе, з аўтаматаў па іх, па немцах, — шарах! Ракітны.

шара́ханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шарахаць — шарахнуць і шарахацца — шарахнуцца. [Лундзін:] — А я так скажу: ва ўсякай справе трэба разумны гаспадарскі разлік — ці то ў травасеянні, ці ў чым іншым. Шараханне з адной крайнасці ў другую да дабра не даводзіць. Палтаран.

шара́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да шарахнуцца.

•••

Шарахацца ў бакі — раптоўна, рэзка мяняць свае погляды, перакананне адносіны да каго‑, чаго‑н., упадаючы ў крайнасць.

шара́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да шарахнуць.

шара́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Ад спалоху, нечаканасці і пад. рэзка кінуцца, падацца ўбок. Ваявода і афіцэры, убачыўшы магутную постаць каваля, шарахнуліся назад у вагон. Пестрак. Вырываючы з рук павады, шарахнуліся канчаткова спалоханыя коні. Брыль.

2. Разм. Моцна ўдарыцца, стукнуцца аб што‑н. Ногі ў .. [Кашына] запляталіся. І, як здалося Яўгену, раз ён нават пахіснуўся, шарахнуўся плечуком аб ферму. Карпаў.