Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нава́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наваліць (у 1–4 і 6 знач.).

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

навалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што і чаго. Налажыць, узваліць што‑н. на каго‑, што‑н. Наваліць сучча на агонь. □ Паставілі [друкарскі станок] у кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. Назаўтра цэлы дзень балелі рукі, ныла спіна, нібы хто наваліў на яе цяжкі камень. Хадановіч. // перан. Ускласці на каго‑н. многа работы, абавязкаў. — Пшанічны! — паклікаў старшына. — Давай памагай. Што на аднаго хлопца наваліў столькі [работы]. Быкаў.

2. чаго. Налажыць, накідаць у беспарадку многа чаго‑н. Каля падвала навалілі нямала розных скрынак: відаць, усё з магазіна выкідвалі. Даніленка.

3. чаго. Нагрузіць, накласці многа чаго‑н. Наваліць воз дроў. Наваліць машыну зямлі.

4. звычайна безас. што і чаго. Нападаць у вялікай колькасці (пра лісце, снег і пад.). І хоць тут [у лесе] было зацішней, але снегу жваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, [сынкі]. Лынькоў. Месцамі.. [пурга] наваліла высокія гурбы, а месцамі амаль да самай зямлі вылізала снег сваім калючым ледзяным языком. Бяганская.

5. безас. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Колас.

6. чаго. Зрабіць, прыгатаваць шляхам валення ў вялікай колькасці. Наваліць валёнак.

нава́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; ж.

Дзеянне паводле дзеясл. наваліць (у 2, 3 знач.).

навало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навалачы (у 1 знач.).

навало́чка і на́валачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Чахол для падушкі. Мы шылі насыпкі з дачушкай, Мы навалочкі з ёю шылі... Бялевіч. А Іза, як ні стрымлівала сябе, усё ж расчулілася, уткнулася тварам у падушку, сціснула зубамі навалачку і доўга ўсхліпвала. Пальчэўскі.

навалту́зіцца, ‑тужуся, ‑тузішся, ‑тузіцца; зак.

Разм. Уволю, многа павалтузіцца.

нава́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. навальваць — наваліць (у 1–3 знач.).

нава́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да наваліцца.

2. Зал. да навальваць (гл. наваліць у 1–3 знач.).

нава́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наваліць (у 1–4 знач.).