Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

макарты́зм, ‑у, м.

Крайне рэакцыйная палітычная плынь у ЗША ў 50‑х гадах 20 ст., звязаная з прыняццем антыдэмакратычнага, антырабочага заканадаўства, з распальваннем антыкамуністычнай істэрыі, з узмацненнем «халоднай вайны».

[Назва паходзіць ад імя сенатара Дж. Макарці.]

макасі́ны, ‑аў; адз. макасін, ‑а, м.

Мяккія скураныя чаравікі ў паўночнаамерыканскіх індзейцаў.

[Англ. moccasin з амер. makisin.]

ма́каўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.

1. Плод маку — каробачка, дзе знаходзіцца насенне.

2. Разм. Купал царквы. У Навагранах камяніцы, а касцёл такі, што як захочаш зірнуць на яго макаўку, дык шапка падае з галавы. Сабаленка.

3. Верхняя частка, вяршыня чаго‑н. Удалечыні цямнілася макаўка вадакачкі. Алешка. Звярнулі браты на лясную сцежачку, мінулі дуб з сухой макаўкай. С. Александровіч.

4. Верхняя частка галавы. Уладзімір Верамейчык, пасунуўшы вушанку на самую макаўку галавы, разам з механікам дзелавіта, па-гаспадарску правярае спраўнасць тэхнікі. Дуброўскі.

5. Канец кораня конскага хваста.

макацёр, макатра, м.

Гліняная пасудзіна, вузкая ўнізе і шырокая зверху, у якой звычайна труць мак, ільняное і канаплянае семя і інш. [Арына] пякла ячменныя бліны і разам церла ў макатры мак. Чарнышэвіч.

македо́нец,

гл. македонцы.

македо́нка,

гл. македонцы.

македо́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Македоніі, македонцаў. Македонская мова.

македо́нцы, ‑аў; адз. македонец, ‑нца, м.; македонка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. македонкі, ‑нак; ж.

Паўднёваславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва югаслаўскай Македоніі, некаторых раёнаў грэчаскай Македоніі і Балгарыі.

маке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Узор, схема чаго‑н., звычайна ў паменшаным выглядзе; мадэль. У кутку на тумбачцы пабліскваў макет рэактыўнага рухавіка. Алешка. // У паліграфіі — папярэдні ўзор, пробны экземпляр кнігі, газеты і пад. Макет святочнага нумара газеты.

[Фр. maquette ад іт. macchietta— накід.]

макетава́нне, ‑я, н.

Падрыхтоўка макетаў; увасабленне чаго‑н. у макеце.