услуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Незак. да услужыць.
2. Прыслужваць, услужваць каму‑н. Прыйшлося — хочаш не хочаш — ісці Кастусю ўслугоўваць ляснічаму. С. Александровіч.
услу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да услужыць.
2. Прыслужваць каму‑н.
услу́жлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць услужлівага. Міхалка здзівіўся такой небывалай гаспадарскай услужлівасці, нават тону яго голасу. Чорны.
услу́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Які ахвотна робіць паслугі каму‑н., гатовы ўслужыць. Проста не верылася, што гэты калючы чалавек мог быць услужлівы і пакорны. Бажко. / Пра памяць, уяўленне і пад. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала яму [Лабановічу] вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Колас.
услужы́ць, услужу, услужыш, услужыць; зак., каму-чаму.
Зрабіць паслугу; дагадзіць. [Муж] так ужо кахае Раю, што вачэй адвесці не можа, з ног звіваецца, каб усім усякім ёй услужыць. Мыслівец.
услу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Уважліва прыслухацца, стараючыся пачуць, зразумець што‑н. Насцярожанымі вачыма акінуў.. [Паніковіч] сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. Быкаў. Генадзь услухаўся ў мелодыю, у словы песні і далучыўся да ўсяго спеўнага гурту. Сабаленка. Тады.. [Ірка] ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Пташнікаў. Стаўшы пасярэдзіне гумна, яшчэ раз прагна ўслухалася [Аксіння] ў начную цемень, сілячыся ўлавіць, учуць след жывога чалавечага дыхання. Лынькоў.
услухо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. услухоўвацца — услухацца.
услухо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да услухацца.
услы́х, прысл.
Уголас, каб было чутно іншым. Чытаць услых. □ — Ну вось. У добры шлях, — услых пажадала Таня і зайшла ў вагон. Даніленка. Надыходзілі экзамены, выпускнікі ўслых марылі аб будучым, сачылі за аб’явамі ў газетах, выбіралі навучальныя ўстановы. Чарнышэвіч. «Я — камуніст», — думаў.. [Вася] з нейкай асаблівай яснасцю і прашаптаў услых гэтае гордае слова. Мележ.
усляпу́ю, прысл.
Нічога не бачачы; наўгад. Страляць усляпую. □ Ісці ўсляпую, не ведаючы мясцовасці і не маючы ўяўлення ў небяспеку, якая нас чакае, не было ніякага сэнсу. С. Александровіч. Алёша ўсляпую намацаў лямпу, зняў з яе шкло і адшукаў пальцамі кнот. Хадкевіч.