Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэрыто́рыя, ‑і, ж.

Зямельная прастора з пэўнымі межамі. Тэрыторыя дзяржавы. Тэрыторыя калгаса. Тэрыторыя завода. □ Тэрыторыя Беларускай ССР не можа быць зменена без яе згоды. Граніцы паміж Беларускай ССР і іншымі саюзнымі рэспублікамі могуць зменьвацца па ўзаемнаму пагадненню адпаведных рэспублік, якое падлягае зацвярджэнню Саюзам ССР. Канстытуцыя БССР. // Частка якой‑н. краіны (вобласць, раён і пад.). Уражаны і здзіўлены Пракоп запыніўся, ступіўшы на тэрыторыю пасёлка, бегла акінуў поглядам калгасны двор і будынкі. Колас. Праз хвіліну бензасклад узарваўся са страшэннай сілай, раскідаўшы полымя па ўсёй тэрыторыі станцыі — на будынкі, вагоны, склады. Шамякін. На тэрыторыі Сіпаковага староства адбываліся вельмі часта розныя непажаданыя здарэнні. Лынькоў. // Вобласць пашырэння, распаўсюджання якіх‑н. з’яў. Ізаглосы .. перасякаюць .. моўную тэрыторыю ў розных напрамках, што дазваляе выдзеліць больш дробныя падгрупы ў складзе паўднёвазаходніх гаворак. Мацкевіч.

[Лац. territorium.]

тэрэнку́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дакладна дазіраваная ў часе і адлегласці лячэбная хадзьба на курортах і ў санаторыях. І вось Гусак «Нафтусю» папівае, Робіць тэрэнкур І цыкл іншых працэдур. Валасевіч.

2. ‑а. Спецыяльна прыстасаваная дарожка для такой хадзьбы.

[Ням. Terrainkur.]

тэсіту́ра, ‑ы, ж.

Размяшчэнне гукаў у музычным творы адносна дыяпазону голасу або інструмента. Спяваць у сваёй тэсітуры.

[Іт. tessiture.]

тэст, ‑а, М ‑сце, м.

Спец. Стандартнае заданне, якое прымяняецца ў псіхалогіі і педагогіцы для вызначэння разумовых здольнасцей, схільнасцей, валявых якасцей чалавека і іншых бакоў яго асобы.

[Англ. test — даследаванне, выпрабаванне.]

тэ́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэста.

тэтані́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэтаніі.

тэтані́я, ‑і, ж.

Захворванне, якое характарызуецца павышанай узбуджальнасцю, сутаргавымі прыпадкамі і расстройствамі нервовай сістэмы, звязанымі з нізкім утрыманнем кальцыю ў крыві.

[Ад грэч. tétanos — напружанне, сутарга.]

тэтра...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая надае значэнне «чатыры», напрыклад: тэтраэдр, тэтраметр.

[Грэч. tetra — чатыры.]

тэтралагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэтралогіі; у форме тэтралогіі. Тэтралагічная форма твора.

тэтрало́гія, ‑і, ж.

Чатыры літаратурныя або музычна-драматычныя творы, аб’яднаныя агульнай ідэяй і пераемнасцю сюжэта. Усе падзеі тэтралогіі [«Трывожнае шчасце»] (у кнігу ўваходзяць аповесці «Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэчы») звязаны з лёсам Пятра Шапятовіча або яго жонкі Сашы. Дзюбайла.

[Грэч. tetralogia.]