Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ускра́й 1, прыназ. з Р.

З краю чаго‑н. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным ўзгорку ўскрай лесу. Колас. Але кругом ускрай поля была мяккая густая мурава. Крапіва. Сцёпка ехаў ускрай хмызняку, пільна ўглядаючыся наперад. Хомчанка.

ускра́й 2, ‑ю, м.

Разм. Крайняя частка якой‑н. тэрыторыі, прасторы. Ад чырвонага месяца — зарыва, як ад далёкага пажару, але на ўскраі лесу пануе ўжо густая начная цемра. Мурашка. // Аддаленая ад цэнтра частка населенага пункта. Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла. Лынькоў. Да ўскраю горада ехала я трамваем. Кавалёў. // Край якога‑н. прадмета. Я лёг, а бацька прысеў на ўскрай лавы і пачаў расказваць сваю бяду. Сабаленка. То ён заклапочана бегаў між сталом і этажэркай, то садзіўся на ўскрай тэлефоннага століка. Асіпенка. Маці ўхадзілася, палезла на печ, прылегла на ўскраі і спадцішка пазірала за дачкой. Пальчэўскі. На ўскраі сіласнай ямы стаіць Аркадзь Богдан і нешта гаворыць у яму. Дуброўскі.

ускруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

Разм.

1. Устаць вельмі рана. [Адэля:] — Што гэта? Яшчэ чуць золак, а ты ўжо ўскруціўся? Звар’яцеў, стары, ці што? Чарот. — Чаго ты ў такую рань ускруціўся? Спі яшчэ. Хадкевіч.

2. Нечакана разбушавацца (пра з’явы прыроды). Ускруціцца такая завея, што з хаты носа не выткнеш. Чарнышэвіч.

3. Узвіцца ўверх. Мяч свечкай ускруціўся ўгору і ўпаў якраз пасярод вуліцы. Паслядовіч.

ускруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак.

Разм.

1. каго. Падняць вельмі рана. [Волька:] — Дзяўчыну без пары ўскруціў. Калі яшчэ ў школу, хай бы спала. Пташнікаў.

2. звычайна безас. каго. Узбударажыць, вывесці са спакою. [Жонка:] — То чаго гэта цябе ўскруціла? Якое ліха яшчэ, чаго ты? Галавач.

3. што. Закруціць, узняць (пыл, пясок і пад.). Часам вецер засвішча, Ускруціць і попел і чад. Куляшоў.

ускру́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ускруціцца.

ускру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускруціць.

ускры́к, ‑у, м.

Разм. Раптоўны, адрывісты крык, выкрык. Раптоўна ўсе хлопцы прыселі, Ліда нават упала, з адчайным ускрыкам затуліўшы .. Верачку. Брыль. З усяго, што было пасля, мне толькі і запомніўся апошні ўскрык бацькі і збялелы як палатно твар забойцы, які ўжо ў наступную хвіліну, відаць, апамятаўшыся, шпурнуў ад сябе касу і кінуўся да бацькі, каб выцягнуць яго на сушэйшае месца... Шуцько.

ускры́кванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ускрыкваць — ускрыкнуць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

ускры́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускрыкнуць.

ускры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Нечакана, адрывіста крыкнуць. Убачыўшы раптам перад сабой незнаёмага чалавека, .. [жанчына] спалохалася, але прыгледзеўшыся, ускрыкнула радасна. Мележ. — Васілёк мой! — глуха ўскрыкнула Ірына, схапіла аберуч дзіцё і — страшная, збялелая — прагна цалавала яго, перабірала .. светлыя валосікі, змывала з цемені кроў. Лынькоў.

ускубну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Аднакр. да ускубці.

2. Ушчыкнуць.