Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напру́жанне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.

2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.

3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.

4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).

5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.

напру́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад напружыць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане напружання. Напружаныя мускулы. Напружанае цела.

3. у знач. прым. Які праходзіць з напружаннем, з затратай вялікіх сіл. Напружаная праца. Напружаная барацьба. □ Быў самы напружаны час веснавой сяўбы. Новікаў.

4. перан.; у знач. прым. Неаслабны, узмоцнены. Напружаная ўвага. Напружанае чаканне. Напружаная цішыня. □ Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Зарэцкі. // З павышанай ступенню ўспрымання. Напружаны слых. Напружанае ўгляданне.

5. перан.; у знач. прым. Нацягнуты, цяжкі, які патрабуе ўрэгулявання. Напружаныя адносіны. Напружаныя абставіны.

6. перан.; у знач. прым. Які выражае напружанне; ненатуральны. Апошнія словы Кандрат вымавіў напружаным шэптам. Паслядовіч.

напру́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. напружваць, напружвацца.

напру́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да напружыцца.

2. Зал. да напружваць.

напру́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напружыць.

напру́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і напружаны (у 3–6 знач.). Напружнае змаганне. Напружнае чаканне. □ Размах будаўніцтва нязвыклы, Напружная праца штодзень... Глебка. Усе маўчалі, і ад гэтага рабілася напружнае, да немагчымасці нацягнутае становішча. Нікановіч. Хлопчык .. выглядаў напружным і ўрачыстым. Бядуля.

напру́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Зрабіцца пругкім. Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся, застылі. Гамолка.

2. Сабрацца з сілай, прыкласці намаганне, робячы што‑н. Вялізная рыбіна ўздрыгнула, напружылася і пацягнула за сабою лодку. Ваданосаў. Лейтэнант напружыўся, варухнуў нагамі і тут жа з глухім стогнам упаў на зямлю. Курто.

3. перан. Узмацніцца, павысіцца (аб ступені праяўлення чаго‑н.). Рукі мімаволі моцна сціснулі стрэльбу, слых напружыўся, а вочы да болю ўпіліся ў цемру. Ляўданскі.

напру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

1. Зрабіць пругкім. Напружыць мускулы. □ Ціма напружыў цела, узмахнуў некалькі разоў рукамі, заграбаючы пад сябе ваду, і зноў пачаў апускацца, слабець. Пальчэўскі.

2. перан. Узмацніць, павысіць ступень праяўлення чаго‑н. (пра памяць, зрок, слых і г. д.). Мазанік напружыла ўсю сваю волю, усю вытрымку і ветліва ўсміхнулася салдату. Пятніцкі. Канстанцін Сяргеевіч напружыў зрок і пазнаў высокую постаць Жэні Коржаня і крыху ніжэйшую Цімы Дакутовіча. Трэцяга ён не ведаў. Шчарбатаў.

напрыбаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., чаго.

Прыбавіць, дадаць у вялікай колькасці да чаго‑н.

напрыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прыбіць у вялікай колькасці. Напрыбіваць планак.