Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ускладні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Кніжн.

1. Зрабіць больш складаным ці вельмі складаным. Ускладніць канструкцыю машыны. Ускладніць задачу. Ускладніць заданне.

2. Зрабіць больш цяжкім. Ускладніць справу.

3. Зрабіць больш напружаным, супярэчлівым. Ускладніць адносіны. □ Як бязлітасна ўскладніла вайна такое простае, такое яснае жыццё! Новікаў.

ускладня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да ускладніцца.

2. Зал. да ускладняць.

ускладня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ускладніць.

ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.

1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.

2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.

3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.

4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.

•••

Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.

ускліка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усклікнуць.

усклі́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усклікнуць.

усклі́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Вымавіць, сказаць што‑н. гучна, усхвалявана, з пачуццём. — Та-ата! — усклікнуў Марык і спрытна ашчарэпіў бацьку за шыю. Пальчэўскі. — Ах, сынок! — усклікнула маці і схапілася за галаву. Дамашэвіч.

уско́пванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ускопваць — ускапаць.

уско́пвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да ускопваць.

уско́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускапаць.