Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распако́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які распакоўвае што‑н. Распакоўшчык пражы. Распакоўшчык медыкаментаў.

распако́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да распакоўшчык.

распа́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распальваць — распаліць.

2. Тое, што і распалка (у 2 знач.). [Віктар:] — Падрыхтуй ты чаго-небудзь сухога на распал. Маўр.

распалаві́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распалавініць.

распалаві́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Разм. Распасціся на дзве прыблізна роўныя часткі. З гаспадаровых рук узяў сякеру адзін з тых, што прывалакліся з Гансам, і на ўвесь мах гэтак секануў, што бюст [фюрэра] распалавініўся. Сабаленка. // перан. Адчуць унутраны разлад; раздваіцца. Гэтая справа [служба ў Хурса] паклала канец гарманічнасці Сёмкі Фартушніка. Ён тут распалавініўся надвае. Чорны.

распалаві́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Раздзяліць прыблізна напалам. Моўчкі кожны [рабочы] распалавініў свой атрыманы капітал. Мурашка. У штабе арміі, што размясціўся часткова ў вёсцы, часткова ў лесе, у наспех абсталяваных бліндажах і ў крытых машынах, каманду распалавінілі. Хадкевіч.

распалаві́ньвацца, ‑аецца.

Незак. да распалавініцца.

распалаві́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распалавініць.

распаласава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распаласаваць.

распаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

Разм. Разарваць, разрэзаць на палосы, уздоўж. Кінуў [Раманка] палена, жыўцом распаласаваў на грудзях сарочку і пусціўся да ракі. Пташнікаў. Мяшкі хтосьці распаласаваў нажом. Паўлаў. // Нанесці глыбокую рану ў выглядзе паласы; рассячы, разарваць. Ледзь адбіўся ад .. [ваўкоў] Хвошч, дваім распаласаваў віламі жываты, а тады сам пакаўзнуўся ў лужыне. Лупсякоў. Як агледзець вокам, выхапіў [Зазыба] у канвойнага шаблю і пачаў секчы ёю з усяго пляча махноўцаў — спярша распаласаваў свайго канвойнага. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Залатым зігзагам маланка распаласавала неба. Стаховіч.