напраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да направіць (у 1 знач.).
напра́ўшчык, ‑а, м.
Майстар па напраўцы чаго‑н.
напрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
Папрацаваць многа, доўга, уволю. Папрацавацца за свой век. □ Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён, і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Шамякін. // Стаміцца ад працы. На.. спіне, плячах, па расслаблена апушчаных руках было відно, што.. [маці] моцна напрацавалася. Ракітны.
напрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.
1. што і чаго. Працуючы, атрымаць у якой‑н. колькасці; зарабіць. За лета папрацаваў тысячу рублёў.
2. Змагчы працаваць пры пэўных умовах. [Андрэй:] — Будзе лезці кожны са сваімі прапановамі — не надта напрацуеш. Шахавец.
напро́ст, прысл.
1. Не звязваючы (у снапы), свабодна. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да кос грабелькі і з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. Грахоўскі. / перан. Свабодна, без цяжкасцей. Значыць, сіла такая — вялікая — ёсць, Што й навалу абложыць напрост: Гэта наша — твая і мая — маладосць. Глебка.
2. Абл. Напрасткі. Беглі людзі напрост — Цераз мост, цераз луг — На папар Беглі. Куляшоў.
напро́ці, прысл. і прыназ.
Разм. Тое, што і насупраць, насупроць. Давай далонь, сядай за стол напроці. Валасевіч. Вера сядзела напроці Максіма і не зводзіла з яго вачэй. Машара.
напро́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да напрасіцца.
напро́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напрасіць.
напру́жанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан напружанага. Напружанасць дзеяння. Напружанасць становішча. Сюжэтная напружанасць рамана. □ Людзі працавалі з выключнай напружанасцю — дзень і ноч. Шамякін.