Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

млекако́рмячыя, ‑ых; адз. млекакормячае, ‑ага, н.

Клас вышэйшых пазваночных жывёл, якія кормяць дзіцянят сваім малаком.

мле́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. млець.

млець, млею, млееш, млее; незак.

1. Траціць прытомнасць, свядомасць; абміраць. Маладыя мужчыны і хлопцы сёння пакідалі сем’і і кіраваліся ў горад.. Леапольд Гушка прыйшоў з Адасём дадому збірацца.. Маці млела на ганку. Чорны.

2. Слабнуць, дранцвець, нямець (пра часткі цела). Глянуўшы наперад, у .. дарожную далячынь, Данік адчуў, як ад няспыннага напружання ў яго пачалі млець рукі, заныла спіна. Краўчанка. Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі і не згіналіся ў каленях. Шамякін. // Знемагаць, нясілець ад гарачыні, спёкі. Парыла так, што ў Куранях і навокал усё млела ў духаце. Мележ.

3. перан. Заміраць ад якога‑н. моцнага пачуцця. [Серж] аж млеў ад шчасця, бачачы, як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Чорны.

4. У кулінарнай справе — доўга парыцца ў накрытай пасудзіне. [Пятро:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы. Васілевіч.

мле́чны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на малако; малочны (у 7 знач.). Мы плылі па азёрах у млечным тумане цёплай ночы і абое маўчалі. Ваданосаў.

•••

Млечны сок гл. сок.

Млечны Шлях гл. шлях.

млён, ‑а, м.

Дзяржанне, палка, якой круцяць жорны, сячкарню. Свечка была мала чым менш ад млёна — палкі, якою круцяць жорны. Колас.

•••

Ні млён ні таўкач — няздатны ні да чаго чалавек, няўмека.

млі́ва, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. малоць (у 1 знач.).

2. Змолатае збожжа, прадукт памолу. Прылёгшы на мліве Гарачым, дадому Вяртаемся ў поўнач Дарогай знаёмай. Танк. З расчыненых дзвярэй ветрака патыхае свежым млівам. Сабаленка.

мло́сна, безас. у знач. вык.

Нядобра, моташна. Адчуўшы, што яму млосна, Максім Сцяпанавіч выйшаў на ганак і сеў проста на прыступку. Карпаў. Неяк раз на занятках па гімнастыцы ў школе Бобу зрабілася млосна, і ён страціў прытомнасць. Гарбук.

•••

Чарцям млосна (будзе, стане) — пра што‑н. такое, што выходзіць за межы звычайнага.

мло́снасць, ‑і, ж.

Тое, што і млосць. На хвіліну .. [Алесь] успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай... Караткевіч.

мло́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да млосці. У Ярыгі кружылася галава, але пачуццё звычайнай чалавечай цікаўнасці перамагло млосную слабасць. Лынькоў.

2. перан. Прыкры, цяжкі; моташны. Млосны камарыны гуд. Млосная ноч. □ Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ.

млосць, ‑і, ж.

Непрыемнае пачуццё слабасці, якое наступае звычайна перад стратай прытомнасці, рвотай. Адагрэўшыся ў пасцелі, .. [Валя] адчула неспакой у сэрцы і млосць. Чорны. У [Іванавых] вачах, наганяючы непераадольную млосць, мільгалі і мільгалі абады. Быкаў.