распа́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распайваць — распаяць.
распа́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распаяцца.
2. Зал. да распайваць.
распа́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распаяць.
распакава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад распакаваць.
распакава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
1. Вызваліцца ад упакоўкі. Цюк пры пагрузцы распакаваўся.
2. Разм. Распакаваць свае рэчы.
распакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Вызваліць ад упакоўкі. — Ці не лепш было б усё ж распакаваць .. [прыёмнік] загадзя і .. пусціць у эксплуатацыю на вечары? Якімовіч. // Расклаўшы, выняўшы што‑н. спакаванае, апаражніць (чамадан, сумку і пад.); вызваліць ад упакоўкі. Пакуль Іра сядзела на дзяжы, я распакаваў чамадан і пачаў раздаваць падарункі. Сабаленка. [Вадзім Іванавіч] распакаваў свой рукзак і на здзіўленне ўсім дастаў адтуль не турысцкую амуніцыю, а паходную радыёстанцыю. Шыловіч. Урэшце [зямляк] устаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку — ды на сябе. Дубоўка.
распако́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распакоўваць — распакаваць.
распако́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распакавацца.
2. Зал. да распакоўваць.
распако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распакаваць.
распако́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распакоўваць — распакаваць.