Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распаго́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Стаць ясным, лагодным. Раніца распагодзілася. □ Часам, як вецер не свішча і распагодзіцца дзень, бель паву[ці]ння на ржышча бабскае лета кладзе. Машара. // перан. Перастаць быць хмурным, невясёлым; прасвятлець. [Рэктар] нешта запісаў, і твар яго, перад гэтым насцярожаны, распагодзіўся. Пестрак. У бежанкі, як у мадонны, аж распагодзіўся твар, Калі Лысуха [карова] з далоні захрумстала шэры сухар. В. Макарэвіч.

2. безас. Пра наступленне яснага, пагоднага надвор’я. Было зусім ціха. Распагодзілася. Колас. Пакуль я ляжаў, распагодзілася, і ў акно зазіраў нізкі і круглы месяц. Сачанка.

распаго́дзіць, ‑дзіць; зак., што.

Зрабіць ясным, светлым. Нябёсы сонца распагодзіць, Сады бушуюць на вясне. Гаўрусёў. // перан. Прасвятліць, зрабіць весялейшым (настрой, твар). Як толькі Максім з Галінай Макараўнай пераступілі парог, .. [Бурсэвіч] узняў галаву — і ветлівая ўсмешка распагодзіла яго твар. Машара.

распа́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распадацца — распасціся.

распадабне́нне, ‑я, н.

Тое, што і дысіміляцыя (у 2 знач.).

распадабня́цца, ‑яецца; незак.

Тое, што і дысімілявацца.

распа́дак, ‑дка, м.

Вузкая даліна, звычайна між гор. Два дні неба над пасёлкам было зацягнута хмарамі. Яны ахуталі шэрым вэлюмам вяршаліны гор, спаўзалі ў распадкі. Бяганская. Калі .. [Будрыс] спусціўся на дно распадка, на левым хрыбце ляжаў ужо глыбокі цень. Караткевіч. У распадках паміж сопкамі бялеюць дамы адпачынку. Грахоўскі.

распада́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распасціся.

2. Падзяляцца на састаўныя часткі; складацца з асобных частак. Сюжэт апавядання распадаецца на тры, арганічна звязаныя паміж сабою сюжэтныя лініі. Майхровіч.

распадзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распадацца — распасціся.

распазнава́льнасць, ‑і, ж.

Якасць распазнавальнага; магчымасць распазнаць (у 1 знач.).

распазнава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які можна распазнаць, даступны для распазнавання. Распазнавальныя прыкметы.