ускара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Карабкаючыся, узлезці, залезці наверх. Зрушваючы абломкі цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу. Быкаў. [Адам] далей кідаў каменем, мог ускарабкацца на самы высокі слуп, добра свістаў у два пальцы. Навуменка.
ускара́бквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ускарабкацца.
ускара́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і ускарабкацца. Байцы акружылі з усіх бакоў хату, хтосьці забег у сенцы, двое ўскараскаліся на страху. Хомчанка. Сухоцкі спрытна ўскараскаўся на абрывісты бераг, і адразу ж яго паглынула цемра. Курто.
ускара́сквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ускараскацца.
ускарпа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ускарпаць.
ускарпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Ускапаць, узрыхліць. [Бадытчык:] — Дагавор.., але ж ён, гэты дагавор, сам не арэ. Пакуль малацьба, то я на жыта трошкі ўскарпаю. Лобан.
ускату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Катурхаючы, разбудзіць. У тую нядзелю на самым світанку Параска ўскатурхала Галю і загадала: — Ідзі хоць карову падаі. Сабаленка.
ускату́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ускатурхаць.
ускаці́цца, ускачуся, ускоцішся, ускоціцца; зак.
Коцячыся, апынуцца па чым‑н. Мяч ускаціўся на коўдру. // Узлезці, узабрацца, узысці куды‑н. [Барановіч:] — Я ж.. — ледзьве на сані ўскаціўся, так мне баліць цяпер гэтая нага, аж тузае. Чорны. На вышыню ўскацілася пяхота, Штыкі наперад дружна несучы. Калачынскі.
ускаці́ць, ускачу, ускоціш, ускоціць; зак., каго-што.
Коцячы, падняць, закаціць куды‑н. А яны [Уля і Мікола] хоць і папамучацца, пакуль дрэва зваляць, затое, як ускоцяць кругляк — у санях капылы трашчаць! Паўлаў. — Але ж дзе я паспею? — пачала апраўдвацца разгубленая Галкоўская. — Вунь хлопец ляпае сякерай. — Усміхнулася. — Ужо на тосты вянок ускацілі па бервяну. Чыгрынаў. // З цяжкасцю ўсцягнуць, палажыць на што‑н. Надзя ўскаціла Слесарэнку на сані, паклала зручней, накрыла посцілкай, закідала сенам аўтамат. Бураўкін.