тэра́ска, ‑і, ДМ ‑расцы; Р мн. ‑сак; ж.
Памянш.-ласк. да тэраса (у 1, 4 знач.). Вяргіні і мальвы захінулі ўвесь падмурак, і таму здавалася, што сам дамок з вастраверхім дахам і зашклёнай тэраскай нібыта стаіць на кветках. Савіцкі.
тэраталагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да тэраталогіі. Тэраталагічныя з’явы.
тэратало́гія, ‑і, ж.
Спец. Раздзелы медыцыны, заалогіі і батанікі, якія вывучаюць анамаліі, заганы развіцця і выродлівасці чалавека, жывёл і раслін. Параўнальная тэраталогія.
[Ад грэч. teras, teratos — пачвара і logos — вучэнне.]
тэрато́ма, ‑ы, ж.
Спец. Дабраякасная пухліна, якая з’яўляецца вынікам парушэння эмбрыянальнага развіцця.
[Ад грэч. teras, teratos — пачвара і ‑ōma — пухліна.]
тэ́рбій, ‑ю, м.
Спец. Рэдказямельны элемент, які складаецца з аднаго ўстойлівага ізатопа.
[Ад геагр. назвы.]
тэр’е́р, ‑а, м.
Парода сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання на невялікіх жывёлін, што жывуць у норах, і для барацьбы з грызунамі.
[Фр. terrier.]
тэрлі́к, ‑а, м.
Гіст. Мужчынскі доўгі кафтан з кароткімі рукавамі.
[Цюрк.]
тэрма...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) адносіны да цеплыні, тэмпературы. напрыклад: тэрмадынаміка; 2) апрацоўку пры дапамозе высокіх тэмператур, напрыклад: тэрмафасфат; 3) заснаваны на выкарыстанні цеплавой энергіі, напрыклад: тэрматэрапія.
[Ад грэч. thermē — цяпло, гарачыня.]
тэрмаадчува́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Адчувальны да тэмпературы, цеплавых (інфрачырвоных) прамянёў.
тэрмаапрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
Спец. Тэрмічная апрацоўка.