Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раслінаво́дства, ‑а, н.

1. Вырошчванне культурных сельскагаспадарчых раслін як галіна сельскай гаспадаркі. Прадукцыя раслінаводства.

2. Навука аб культурных раслінах і іх вырошчванні. Інстытут раслінаводства.

раслінаво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раслінаводства, звязаны з ім.

раслі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да расліна; невялікая, дробная расліна. Яны прывыклі глядзець на луг не проста, як на траву, а адрозніваць у гэтай траве безліч асобных раслінак. Чарнышэвіч. І, здаецца, ажываюць раслінкі, напіўшыся, абмыўшыся чыстай жыватворнай вільгаццю. Барашка.

расліннае́дны, ‑ая, ‑ае.

Які жывіцца раслінамі або іх сокам. Расліннаедная жывёліна. // у знач. наз. расліннае́дныя, ‑ых. Род жывёлін, рыб, насякомых, якія жывяцца раслінамі або іх сокам.

раслі́ннасць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць раслін пэўнай тэрыторыі; расліннае покрыва зямлі ў цэлым. Палеская нізіна па сваіх прыродна-гістарычных умовах — па асаблівасцях клімату і расліннасці, а таксама жывёльнага свету — з’яўляецца выключна цікавым раёнам еўрапейскай часткі Савецкага Саюза. «Беларусь». Найбагацейшая расліннасць пышна красуе ўсюды. Чорны. На сярэдзіне затокі вада была чыстай, без расліннасці. Ігнаценка.

2. Разм. Валасы на твары, галаве, целе чалавека. Гэта быў даўгі маўклівы мужык з апатычным выразам беднага на расліннасць твару. Зарэцкі.

раслі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да расліны. Расліннае покрыва. □ Раслінны свет быў багаты, корму для .. [зуброў] хапала, жыццё было прывольнае. В. Вольскі. // Які складаецца з раслін. Раслінны корм. □ — Ты паведамляеш, што ў вашай школе ў гэтым годзе вельмі багаты куток натураліста, што ў цябе ў самой таксама шмат раслінных калекцый. Сіняўскі. // Прыгатаваны, здабыты з раслін. Раслінныя фарбы. Раслінны тлушч.

2. Які жыве на расліне, раслінах. Раслінная тая.

3. З малюнкам, адбіткам раслін. Раслінны ўзор. Раслінны арнамент.

расні́часты, ‑ая, ‑ае.

З раснічкамі.

расні́чкі, ‑чак; адз. раснічка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Тонкія ніце- або шчацінкападобныя адросткі па паверхні клетак жывёльных арганізмаў.

расні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раснічак.

•••

Раснічныя чэрві гл. чарвяк.

расо́л, ‑у, м.

1. Салёная вада з вострымі прыправамі для засолкі, вымочвання харчовых прадуктаў (агародніны, рыбы і пад.). Заліць расолам грыбы. // Вадкасць з вострымі прыправамі і сокамі засоленых у ёй прадуктаў. Была на стале добрая вячэра: смачная сопкая бульба, квашаная капуста з расолам, кубак малака. Пестрак. Але па звычцы .. [Павел] зайшоў у хату, з’еў некалькі бульбін з гурочным расолам. Ваданосаў.

2. Моцна насычаная солямі прыродная вада. У Палессі гэтыя ж воды вельмі мінералізаваны і нават пераходзяць у моцныя расолы. Прырода Беларусі.

3. Спец. Водны раствор солей, які прымяняецца ў тэхніцы.