Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гу́шкалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы; арэлі. Бывала, маці звязвала ўнізе тонкія зялёныя галінкі [бярозы] і атрымлівалася добрая гушкалка. Ваданосаў. Віктар помніць Лявона — вясёлага і гаваркога дзядзьку. Гэта ён ім з Ганікам прыладзіў паміж яблынь гушкалку. Б. Стральцоў.

гу́шканне, ‑я, н.

Разм.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гушкаць і гушкацца. Гушканне на арэлях.

2. Стан паводле знач. дзеясл. гушкацца. Гушканне на хвалях.

гушкану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да гушкацца.

гушкану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Аднакр. да гушкацца.

гу́шкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Рытмічна калыхацца, гайдацца з аднаго боку ў другі або зверху ўніз. Пан курыў, седзячы ў круглым крэсле, і .. гушкаўся назад, наперад, назад, наперад. Галавач. На хвалях гушкаецца мяч. А. Александровіч.

гу́шкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Рытмічна калыхаць, гайдаць з аднаго боку ў другі або зверху ўніз. Ганна, якая пачапіла ўжо калыску на сук, гушкала малую. Мележ. [Ксаня] ўсё гушкала малое, аднастайна пеючы ціхую калыханку. Лынькоў.

2. Падкідаць каго‑н. на руках, выражаючы любоў, захапленне і пад. Дзеда Тодара ссадзілі са сцэны. Гушкалі, крычалі: «Брава!.. Давай, дзеду, барыню!..» Пташнікаў.

гу́шча, ‑ы, ж.

1. Густы асадак (стравы, раствору і пад.) на дне пасудзіны. Высахла чарніла ў .. пляшцы — адна гушча была на дне. Баранавых. Сёрбай юшку, на дне гушча! Прымаўка.

2. Разм. Тое, што і гушчар. — Ты падумай толькі: пушча! Дзень ідзеш і два ідзеш, І такая табе гушча — Вокам цемры не праб’еш! Колас. Там, у гушчы, дзе дрэваў Звон рачулкі, птахаў спевы, Хатка ёсць. Кірэенка.

3. Месца найбольшага скопішча каго‑, чаго‑н. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. // перан. Глыбіня, асяроддзе чаго‑н. Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцця, у вадаварот грамадскай працы. Гартны. Выхадзец з гушчы працоўных мас, К. Чорны быў шчырай і сумленнай душой народа. Хведаровіч.

4. Абл. Каша. Марыля паставіла якраз на стол гушчу наліваную — пшанічную кашу з малаком, калі ў хату зайшоў Павал. Караткевіч.

гушча́р, ‑у, м.

Густы ўчастак лесу. Непралазны гушчар. □ Загудзеў гушчар высозны — Беразняк, дубы і сосны, ліпы, ясені, яліны, Явары, кляны, асіны. Муравейка. // Густы зараснік чаго‑н. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль.

гушча́рнік, ‑у, м.

Разм. Тое, што і гушчар. У гушчарніку спявалі птушкі, свісталі рабчыкі, шапацелі лісцем асіны і бярозы. Чарнышэвіч.

гушча́рня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і гушчар. Закаўкалі каўкі на ўзвышшы. Затрэслася лісце ў гушчарні. Купала.