Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Тое, што і напяць (у 1 знач.). — Но-о, маленькія! — пачуў я ззаду гарэзлівы жаночы голас і напнуў вяроўку. Кулакоўскі. Мы зноў селі на ўзмежак, напнулі над сабою паркалёвую хустку і так асталіся сядзець да канца навальніцы. Сачанка.

напо́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад напаіць.

напо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напаіць.

напо́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напалоць.

напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.

2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.

напо́перак, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Па шырыні чаго‑н., у шырыню; упоперак. Луг напоперак перасякала вузкая пратока, берагі якой пазарасталі вербалозыкам, чаротам і аерам. Сяргейчык.

2. прысл. Тое, што і наперакор (у 1 знач.).

3. прыназ. з Д. Тое, што і наперакор (у 2 знач.). Я лічыў бы за жарт гэтай прыкрасці выраз, Каб, напоперак думкам і волі самой, Аж спадыспаду дзён у вяліз[ар]ны вобраз не вырас Дзень маленства майго і вясновых самот. Глебка.

напо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне моцнай сілы, націск. Шыбы бразгацелі пад напорам ветру. Лупсякоў. Хутка пойдуць крыгі, і не вельмі ўжо моцная перамычка можа не вытрымаць напору лёду. Броўка.

2. Рашучае, энергічнае дзеянне; напад, націск. Стрымліваць напор ворага. □ Недабіткі фашысцкай аховы адыходзяць пад напорам сілы. Брыль. // Энергічнае ўздзеянне на каго‑н. Пад дружным напорам сяброў Данік нарэшце прымушаны быў згадзіцца. Краўчанка.

напо́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да напароцца.

2. Зал. да напорваць.

напо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напароць.

напо́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Многа, доўга папоркацца. Напоркацца за дзень у садзе.