Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усеўкраі́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўсёй Украіны, агульны для ўсёй УССР. Усеўкраінская нарада перадавікоў вытворчасці.

усеўла́ддзе, ‑я, н.

Неабмежаваная ўлада. Барацьба за трывалы, справядлівы мір на зямлі супраць прыгнечання і эксплуатацыі, супраць усеўладдзя манаполій, сацыяльнай несправядлівасць. — гэта справа ўсяго перадавога чалавецтва. «Звязда».

усеўла́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае неабмежаваную ўладу. — Варка! Бацька я ці не?! — і ў вачах яго застыў нявыказаны крык усеўладнага чалавека. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Да гэтага ўсеўладнага паху і цішыні далучаўся ля возера пах ранняй атавы. Ліс. Паўторыць тысячы разоў Імя адной адзінай, Яна, усеўладная любоў, Душ юных гаспадыня. Звонак.

усеўла́дства, ‑а, н.

Тое, што і усеўладдзе.

усе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад усячы, усекчы.

2. у знач. прым. Спец. Такі, верхняя частка якога адсечана плоскасцю, паралельная да асновы. Усечаны конус.

3. у знач. прым. У граматыцы і літаратуразнаўстве — з усячэннем (у 2 знач.). Усечаная абрэвіятура. Усечаны верш. Усечаны дактыль.

усе́яны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усеяць.

усе́яцца, усеюся, усеешся, усеецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца, запоўніцца вялікай колькасцю чаго‑н. Усеялася неба зорамі.

2. Разм. Кончыць сяўбу, адсеяцца. Вясной, як толькі ўсеяліся, Варанецкі пачаў думаць пра асушэнне балота. Дуброўскі.

усе́яць, усёю, усееш, усее; зак., што.

1. Засеяць, заняць пасевамі (звычайна ў вялікай колькасці). Усеяць усю зямлю.

2. Пакрыць, запоўніць усю паверхню вялікай колькасцю чаго‑н. На дварэ зусім прамнілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч. Дарогу герою мы кветкамі ўсеем. А. Александровіч. // перан. Заняць сабой (усю прастору, усю паверхню чаго‑н.). Рыбакі ўсеялі ўвесь бераг возера.

усё 1,

гл. увесь.

усё 2, прысл.

1. Увесь час, заўсёды, пастаянна. Ён усё ў раз’ездах. Ён усё заняты. Ява ўсё злуецца. □ Іду, іду Па маёвым лесе, І ўсё мне здаецца: Вось-вось распукнецца Сэрца Мільёнамі ландышаў. Кірэенка.

2. Да гэтага часу, яшчэ і цяпер. Ён усё яшчэ вучыцца. □ Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Дуброўскі.

3. Толькі, выключна. Усё ты вінаваты. Справа расстроілася, і ўсё з-за вас.

4. У спалучэнні са словамі, якія абазначаюць змену прыметы або нарастанне прыметы. Вецер усё мацнее. Тэмпература паветра, усё павялічваецца. Усё больш і больш змяркалася. □ Сурова слухала бажніца модлы, А шум банкету ліўся ўсё гучней. З. Астапенка.

5. У спалучэнні з вышэйшай ступенню і злучнікам «чым» служыць для ўзмацнення проціпастаўлення. Занятак не вельмі што, але ўсё лепш, чым сядзець склаўшы рукі.

6. Аднак, тым не менш. Як ён ні стараецца, а ўсё не атрымліваецца добра.

•••

Усё ж; і ўсё ж — усё-такі, тым не менш. [Маці:] — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агароду моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. І ўсё ж цуда адбылося. Капсуль разарваўся тады, калі дасталі яго з міны. Гроднеў.

Усё ж такі — тое, што і усё ж. І ўсё ж такі па нечым другім, невядомым і не распазнаным, было відаць, што.. [К. Чорны] слухае. Скрыган.

усё...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню займенніку «усё» і паказвае, што дзеянне і ўласцівасць, выражаныя другой часткай слова, пашыраюцца на ўсё, напрыклад: усепаглынальны, усёдаравальны, усёзнішчальны, усёахопны.