Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агаро́д, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Участак зямлі засаджаны агароднінай. Мінулі хлеў, між густых зарас[нікаў] кіяшніку і маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Мележ. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў.

2. ‑у. Агародныя культуры. На папялішчы тым сусед Сабе пасеяў агарод. Астрэйка.

•••

Агарод гарадзіць гл. гарадзіць.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый гл. кідаць.

Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.

агаро́джа, ‑ы, ж.

Плот, тын, сцяна і пад. вакол чаго‑н. Старыя ліпы і бярозы.., нібы верныя вартаўнікі, стаялі наўкола жалезнай агароджы. Чарот. Перад вокнамі, за нізкай агароджай, цвілі вяргіні. Чорны. Таму маўзалей, агароджу, Каб вечна тут вёсны цвілі, Вянкамі народ упрыгожыў. Танк.

агаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад агарадзіць.

агаро́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. агароджваць — агарадзіць.

агаро́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да агарадзіцца.

агаро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да агарадзіць.

агаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Від лёгкай агароджы (звычайна каля дома). [Мартын:] — Дом.. [сыну] новы пабудаваў, ды не абы-які — з балкончыкам, з фігурнай агародкай. Ракітны.

агаро́днік, ‑а, м.

Той, хто займаецца агародніцтвам. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе, Як агароднік запраўскі. Колас.

агаро́дніна, ‑ы, ж., зб.

Карані, клубні, зяленіва агародных раслін. [Лабановіч:] — Кожнай агародніне свой час. Свой час ягадзе і свой баравіку... Колас.

агаро́днінны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да агародніны. Агароднінная база.