Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усево́буч, ‑а, м.

Усеагульнае вайсковае абучэнне.

усе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Утрымацца ў сядзячым становішчы, не падаючы пры штуршках, гайданні і пад. [Конь], нарэшце, ірвануў, ды так, што цётка не ўседзела і навалілася на воз. Ус.

2. Застацца сядзець, знаходзіцца на месцы. Калі бацька пайшоў, Таццяна не магла адна ўседзець у хаце і зноў выйшла на вуліцу, накіравалася да школы. Шамякін. Турбавала яго [Я. Коласа] і тое, што часам улетку стаяла суш. Тады цяжка было паэту ўседзець за пісьмовым сталом. С. Александровіч. Львіцы — як толькі могуць уседзець яны ў адной клетцы! — з чыста жаночай цікавасцю паглядалі праз краты: што робіцца на белым свеце? Лужанін. // Прабыць некаторы час без работы. Я знаю — Ўседзець не змаглі б Без справы там і вы, Калі б пачулі, Як іграў Наш Пецька Канцавы. Кірэенка.

3. перан.; (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўтрымацца на якой‑н. пасадзе. Ды час прабіў. Дыхнула бура.. Не ўседзеў цар у сваіх мурах. Колас. [Сыч:] — Дзе тут уседзець у нас, ды яшчэ доктару біялагічных навук! Паслядовіч.

усе́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць уседлівага. Нялёгка давалася Карпу навука, і Баранавіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі.

усе́длівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны доўга і цярпліва займацца якой‑н. сядзячай працай. Асю не прыходзіцца доўга выклікаць. Яна вельмі акуратная і ўседлівая ў працы. Шынклер. // Які патрабуе працяглай і напружанай працы. Пачалася ўседлівая карпатлівая работа над помнікам. Васілёнак.

усе́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да усеяцца (у 1 знач.).

2. Зал. да усейваць.

усе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усеяць.

усе́кчы,

гл. усячы.

усе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усяліць.

уселітасці́вы, ‑ая, ‑ае.

Уст. Шчодры на літасці; велікадушны.

усемяро́ны, ‑ая, ‑ае.

Павялічаны ў сем разоў.