усвядо́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што.
Поўнасцю, да канца зразумець што‑н.; уразумець. Юнацтва планеты ўсвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Адна справа ўсвядоміць з’яву, другая справа пазбыцца схільнасцей і звычак, якія ты ўвабраў з малаком маці. Карпюк. [Стасюню] падвялі да Кісялёва, і толькі цяпер яна поўнасцю ўсвядоміла ўсё, што адбылося. Чарнышэвіч.
усвядо́млены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад усвядоміць.
усвядо́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да усвядоміць.
усе... (а таксама уся...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая: 1) адпавядае па значэнню займенніку увесь (уся), усе і паказвае, што дзеянне і ўласцівасць, выражаныя другой часткай слова, пашыраюцца на ўсіх, напрыклад: усеагульны, усебаковы, а таксама сведчыць, што з’ява, прадмет, названыя азначальным словам, бяруцца ў аб’ёме чаго‑н., у межах чаго‑н. (адпавядае па значэнню слову «агульна...»), напрыклад: усенародны, усеславянскі, усесаюзны; 2) абазначае паўнату якасці, выражаную другой часткай слова, напрыклад: усеўладны, уселітасцівы.
усеагу́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць усеагульнага.
усеагу́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўсіх, ахоплівае ўсіх, распаўсюджваецца на ўсіх. Усеагульнае выбарчае права. Усеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. □ Адам Ружанцоў.. не адыходзіў да самай поўначы ад аварыйнага будынка. Яго таксама захапіла ўсеагульная ўзрушанасць. Чыгрынаў. На кожнай станцыі студыйцы прыцягваюць да сябе ўсеагульную ўвагу. Сяргейчык.
усебако́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць усебаковага. Усебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Усебаковасць развіцця народнай гаспадаркі.
усебако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які ахоплівае, разглядае што‑н. з усіх бакоў. Эканамічная камісія Савета Нацыянальнасцей створана з мэтай далейшага паляпшэння народнага планавання і ўсебаковага ўліку запатрабаванняў саюзных рэспублік. «Звязда». Шырокія грамадскія функцыі беларускай мовы садзейнічалі яе ўсебаковаму развіццю, удасканаленню фанетыка-марфалагічнай сістэмы і сінтаксічнага ладу, узбагачэнню слоўнікавага саставу і выпрацоўцы разнастайных стыляў. Суднік.
усебелару́скі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўсёй Беларусі, агульны для ўсёй БССР. Усебеларускі злёт ударнікаў працы.