Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

увільну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Спрытна ўхіліцца ад сустрэчы, сутычкі з кім‑, чым‑н.; лоўка павярнуўшыся, пазбегнуць чаго‑н. Увільнуць ад удару. □ — Я ўжо іду, — і бег [Федзька] дахаты, азіраючыся на бацьку, каб увільнуць, калі той захоча аперазаць. Арабей. // Непрыкметна пайсці, паехаць, скрыцца ад каго‑н. На агароджапай канатамі арэне рысоўка не паможа, бо там няма куды увільнуць, няма кім засланіцца. Карпюк.

2. перан.; ад чаго. Ухіліцца ад чаго‑н., карыстаючыся рознымі хітрыкамі; выкруціцца. Увільнуць ад цяжкай працы. Увільнуць ад прамога адказу. □ Калі ўзяць, дык — [кулак] надта хітры, Калі даць, дык — «носік вытры». Увільне не сяк, дык так, Бо нашто ж бы быў кулак? Крапіва. Калі раней [Валодзя] толькі і думаў, як увільнуць ад работы, дык цяпер ніколі не адстае ад астатніх. Рунец.

увіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Незак. да увінуцца.

2. Зал. да увінаць (гл. увінуць у 1 знач.).

увіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да увінуць.

увіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Укруціцца ў што‑н.; ухутацца. Увінуцца ў коўдру.

2. Управіцца, паспець. Другі раз ужо не ўвінуўся стары, Каб стрэліць у панскую зграю. Танк.

увіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што ў што. Укруціць, абвярцець што‑н. з усіх бакоў; завінуць.

2. Знікнуць, увільнуць. Загаманіўшы з старым садоўнікам, Ларыса не заўважыла, як увінуў Ігнась. Мурашка.

уві́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увіць.

увіха́нне, ‑я, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. увіхацца.

увіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Хутка і спрытна рабіць што‑н., займацца чым‑н.; клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Увіхацца каля печы. Увіхацца па гаспадарцы. □ [Раёк] усё каля дому ўвіхаўся — пчол глядзеў, у лесе сеяў, дом і сядзібу высокім парканам абносіў... Сіўцоў. Спрытна арудуючы іголкай і нажніцамі, дзяўчына ўвіхалася каля .. шыняля. Васілевіч. Над бледнай, скрыўленай ад болю маці ўвіхалася медсястра ў белым халаце. Карпаў.

2. Разм. Круціцца каля каго‑, чаго‑н.; неадступна хадзіць за кім‑н. Усцін Маркавіч .. абчышчаў рыбу. Каля яго .. увіхаўся кот. Кулакоўскі. // Увівацца, круціцца каля каго‑н., стараючыся дагадзіць чым‑н. Камар увіхаўся каля гасцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы. Гартны. // Заляцацца, увівацца. [Наталля:] — [Ніна] расказала мне, як каля цябе ўвіхалася: у кіно вадзіла, у госці да сябе запрашала. Было гэта? Скрыган. Міровіч параіў Чароту .. увесці [у п’есу] два камічныя персанажы: бабыля Данілу і немаладую, адзінокую, але зухаватую Параску, за якой увіхаецца Даніла з надзеяй ажаніцца з ёю. Рамановіч.

3. Хутка рухацца; круціцца. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. На сухой верхавінцы таполі па-ранейшаму ўвіхалася неўтаймоўная стракатая мухалоўка. Гарбук. Увіхаюцца рукі, не ведаючы стомы. [Максімка] не для Радзівілаў .. працуе, а для сябе. Гурскі.

уві́цца, уваўецца; пр. увіўся, увілася, ‑лося; зак.

1. Уплесціся, укруціцца пры віцці, звіванні. Добра ўвілася стужка ў косы.

2. Змясціцца (пра тое, што намотваецца).

уві́ць, уваўю, уваўеш, уваўе; уваўём, уваўяце; пр. увіў, увіла, ‑ло; заг. уві; зак., што.

1. Уплесці, укруціць віццём, звіваннем. Увіць стужку ў вянок.

2. Намотваючы, змясціць. Увіць усю пражу на верацяно.

3. Абвіць сабою паверхню чаго‑н. (аб раслінах). Дзікі вінаград увіў сцены дамоў.

4. Упрыгожыць, абвіваючы чым‑н. Увіць арку гірляндамі.