Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

навако́л,

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Толя пачаў азірацца навакол. За садкамі, у дальнім кутку агародаў, ён раптам разгледзеў нешта падобнае на будку. Якімовіч. На маленькай плошчы гарадка салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю навакол. Лынькоў.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3 знач.). Жняярка стаяла пасярод калгаснага двара, а навакол яе пасталі людзі. Чорны.

навако́ла,

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1 знач.). Абляцела рэха долы, Плач разнесла навакола. Калачынскі.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3 знач.). Навакола агню стаяць і сядзяць людзі ў вайсковай адзежы. Колас.

навако́лле, ‑я, н.

1. Мясцовасць, якая прылягае, прымыкае да чаго‑н. Наваколле горада. Наваколле лесу. □ Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной і затапляла ўсё наваколле. Новікаў. Дырэктар здзівіўся, што я так ведаю наваколле далёкай Пятроўкі. Шамякін.

2. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н., акаляючая прастора. З паравоза белай птушкай выпырхнула воблачка пары, і адразу ж над наваколлем залунаў басісты гудок. Васілёнак. Ракеты адна за адной ўзляталі ў неба, асвятляючы наваколле бледным святлом. Сіняўскі.

3. перан. Акружаючае асяроддзе. Лявон з маленства цягу меў да тэхнікі, і ў наваколлі.. ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў. Аб магутнай сіле Яўхіма ў наваколлі складаліся казкі. Чарнышэвіч.

навако́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца або жыве ў наваколлі. Навакольныя калгасы. □ Навакольны недалёкі лес дыхаў роснай вільгаццю. Пестрак. З вялікай надзеяй і гонарам глядзяць цяпер усе навакольныя людзі на тры велічныя капры. Кулакоўскі.

2. Які адбываецца навокал каго‑, чаго‑н. Аляксей Аўдзейчык стаіць пад сцяною кароўніка і любуецца навакольнай прыгажосцю восені. Дуброўскі. Шасціць пад коламі лісце, не глушачы навакольных гукаў. Аляхновіч.

3. у знач. наз. навако́льнае, ‑ага, н. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н. Жанчына жыла толькі.. [дзіцем], глухая да навакольнага, поўная роўнай увагі і любасці.. Карпаў.

4. у знач. наз. навако́льныя, ‑ых, мн. Людзі, якія знаходзяцца навокал каго‑, чаго‑н. Верка аглядалася, меркавала, якое робіць уражанне на навакольных. Карпюк.

наваксава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад наваксаваць.

2. у знач. прым. Намазаны, начышчаны ваксай. Стараста вярнуўся з мужчынам у наваксаваных хромавых ботах, галіфэ і жоўтым кажушку. Бураўкін.

наваксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Нацерці, начысціць ваксай. Наваксаваць боты.

нава́л, ‑у, м.

Куча чаго‑н. наваленага. Праз якую пару месяцаў калочкі дарожніка глыбока схаваліся пад навалам зямлі. Ракітны.

нава́ла, ‑ы, ж.

1. Нашэсце ворага; напад. Фашысцкая навала. □ Калі ж вораг ізноў Меч узніме на нас, — Зломім хутка мы злую навалу. Журба. // Войска, армія, якія нападаюць на каго‑н. Па ўсіх дарогах плыла на ўсход чорная навала. Кулакоўскі.

2. Бяда, няшчасце; непрыемнасці. Як страшэнную навалу ўспамінае Таня смерць старэйшага брата Лёнькі. Гроднеў. Хацелася ўцячы ад навалы, хацелася быць як далей ад агню і енкаў! Кавалёў. Па тону пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Колас. / Аб з’явах прыроды. Недзе навала плыве дажджавая Мыць кіпарысы і клёны. Свірка. Але навалу хмар цяжкіх Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі. Танк.

3. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; скопішча. І сёння помні, Мой горад, пра нялёгкае тады. За хлебам — чэргі. Бежанцаў навала. Лойка. Крыху пазней, калі адхлынула навала асноўнай работы, Сяльчонак засеў за вывучэнне становішча лугоў. Асіпенка. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.

4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што павісае над чалавекам, чакае яго. Навала безвыходнасці. Навала тугі. Навала суму.

навалаадбо́йка, ‑і, ж.

Спец. Адбойка вугалю і навальванне яго на канвеер у забоі.

навалаадбо́йшчык, ‑а, м.

Горнарабочы, які займаецца навалаадбойкай.