гуртава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гуртаваць і гуртавацца.
гуртава́цца, ‑туецца; незак.
1. Збірацца ў гурт (у 1 знач.). Да вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. // Групавацца, канцэнтравацца. Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін.
2. перан. Аб’ядноўвацца, збліжацца на аснове адзінства поглядаў, сумесных дзеянняў. Вакол Алёнкі гуртавалася больш моладзь новага кірунку, моладзь .., любіўшая кнігу. Колас.
3. Зал. да гуртаваць.
гуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
1. Збіраць у гурт; групаваць, канцэнтраваць. — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне, збіраць народ, гуртаваць яго ў баявыя групы. Колас. Камуністы ў лясным гушчары палкі партызан гуртавалі. Ставер.
2. перан. Аб’ядноўваць, збліжаць на аснове адзінства поглядаў, сумесных дзеянняў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць. Танк. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.
гуртавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Агульны, сумесны. Гуртавая праца.
2. Звязаны з гуртам (у 2 знач). Гуртавы даглядчык.
гуртаўшчы́к, ‑а, м.
1. Паганяты гурта, работнік пры гурце жывёлы.
2. Уст. Уладальнік гурта (гуртоў), які гандляваў жывёлай.
гуртко́вец, ‑коўца, м.
Разм. Член гуртка (у 2, 3 знач.). Гурткоўцы збіраліся на рэпетыцыі ў школу вечарамі і часта заседжваліся даволі позна. Шамякін.
гуртко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гуртка (у 2, 3 знач.). Гуртковыя заняткі. Гуртковая работа.
гуртко́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да гуртка, гурткоўцаў, належыць ім. Гурткоўскі пакой.
гуртко́ўшчына, ‑ы, ж.
Адсутнасць адзінства ўнутры партыі; дзейнасць, абмежаваная толькі вузкімі інтарэсамі якога‑н. гуртка. — Згуртаваць .. рабочых можна, але не гурткоўшчынаю, якую прапанаваў Майзель. Мурашка.
гурто́к, ‑тка, м.
1. Памянш. да гурт (у 1, 2 знач.). Зося стаяла ў гуртку дзяўчат ля Сёмкінай хаты. Гартны. Другі гурток другой жывёлы, Дзесятак кур, пявун вясёлы Каля платоў чарвей шукалі. Колас.
2. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю поглядаў, інтарэсаў. Рэвалюцыйны гурток. Марксісцкі гурток.
3. Група людзей, з якой праводзяцца заняткі па набыццю якіх‑н. ведаў, навыкаў. Агратэхнічны гурток. Драматычны гурток. Харавы гурток.