Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

жартаўлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да жартаў, ахвочы пажартаваць (пра чалавека). Мая цвёрда верыла ў сваё шчасце і, як раней, была вясёлая, жартаўлівая. Дуброўскі. // З адценнем жарту. Жартаўлівы тон.

2. Які ўспрымаецца як жарт, робіцца не ўсур’ёз. Жартаўлівыя частушкі. Жартаўлівая размова.

3. Вясёлы, гуллівы, гарэзлівы. Чакаю, каб на твар, заліты потам, Хоць раз павеяў вецер жартаўлівы. Васілёк.

жартаўні́к, ‑а, м.

Той, хто любіць жартаваць (у 1 знач.). К таму ж яшчэ .. [Сымон] быў вясёлы, На байкі здатны, на язык. І словы сыпаў, як з прыполу, Жаданы ўсюды жартаўнік. Колас.

жартаўні́ца, ‑ы, ж.

Жан. да жартаўнік.

жа́ртачкі, ‑чак; адз. няма.

Разм.

1. Тое, што і жарт (у 1 знач.). Кошцы жартачкі, а мышцы смерць. Прыказка.

2. у знач. вык. Пра вельмі складаную задачу, сітуацыю. — Жартачкі — пракарміць сотні сем’яў! — усхвалявана гаварыў Сцяпура. Новікаў.

3. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка. — Ой, дзядзька Нупрэй! — усклікнула цётка. — Вам усё жартачкі, а я як падумаю, што акно прыйдзецца затыкаць падушкай, дык аж сорам перад людзьмі. Рылько.

•••

Не жартачкі — тое, што і не жарт(ы) (гл. жарт). Не жартачкі — ехаць на тры месяцы, можна сказаць, на самастойную працу. Васілевіч.

жартлі́васць, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і жартаўлівасць.

жартлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і жартаўлівы.

жарто́ўна-сатыры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які характарызуецца наяўнасцю гумару і сатыры. Жартоўна-сатырычны твор.

жарто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Вясёлы, забаўны, які мае характар жарту. Беларускія народныя жартоўныя песні.

жарту́ючы,

1. Дзеепрысл. незак. ад жартаваць.

2. у знач. прысл. Жартам, дзеля забавы. Над ёй нахіліўся Залескі і крыкнуў, сур’ёзна ці жартуючы — яна не зразумела: — А вы, Карпаўна, сумавалі па сапраўднай вайне. Вось яна, любуйцеся. Шамякін.

3. у знач. прысл. Лёгка, без намаганняў. Жартуючы ўсё зрабіў.

•••

Не жартуючы — сур’ёзна, па праўдзе.

жа́рцік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да жарт.

•••

Строіць жарцікі гл. строіць.