Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гумарысты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гумару, змяшчае ў сабе гумар (у 1, 2 знач.). Гумарыстычны твор. Гумарыстычны часопіс. Гумарыстычны тон. // Уласцівы гумару, гумарысту. Гумарыстычны талент.

гумарэ́ска, ‑і, ДМ ‑сны; Р мн. ‑сак; ж.

Невялікі літаратурна-мастацкі або музычны твор жартоўнага, гумарыстычнага характару. Музычная гумарэска. □ Для першых гумарэсак К. Крапівы характэрны незласлівыя, жартоўныя інтанацыі. Казека.

гуме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гумна. Гуменныя вароты. □ Віктар прыціснуўся да сцяны пад нізкай гуменнай страхою. Лобан.

гуме́нца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да гумно; невялікае гумно. І вось над хатай, над гуменцам Сняжынкі жвавыя гуляюць. Колас.

гу́мі, нескл., н.

Густы сок з кары некаторых дрэў, які скарыстоўваецца ў якасці клею; камедзь.

[Лац. gummi з грэч.]

гуміара́бік, ‑у, м.

Смала некаторых відаў трапічных акацый, якая лёгка раствараецца ў вадзе і скарыстоўваецца ў якасці клею або для іншых мэт.

[Лац. gummi arabicum.]

гумігу́т, ‑у, М ‑гуце, м.

Малочны сок некаторых трапічных раслін, які скарыстоўваецца ў тэхніцы, жывапісе і медыцыне.

[Ад лац. Gummi guttae — каплі гумі.]

гумігу́тавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гумігуту.

2. у знач. наз. гумігу́тавыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, якія ўтрымліваюць гумігут.

гуміла́к, ‑у, м.

Смалістае чырванаватае рэчыва, якое ўтвараецца на галлі некаторых трапічных раслін і служыць для вырабу ізаляцыйных лакаў, сургучу і пад.

[Лац. gummi.]

гумірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец.

1. Пакрыць (пакрываць) тонкім слоем клею, гумі. Гуміраваць канверт.

2. Пакрыць (пакрываць) тонкім слоем гумы. Гуміраваць трубаправод.