Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

е́льнік, ‑у, м.

1. Яловы лес. Недзе ў гушчары маладога ельніку спявалі дразды. Новікаў.

2. зб. Насечаныя яловыя лапкі або дровы. Накласці ельніку ў вогнішча.

е́льнічак, ‑чку, м.

Памянш.-ласк. да ельнік; малады ельнік. Вышэй трошкі — ельнічак густы. Там добра і прысесці. Лобан.

енк, ‑у, м.

1. Жаласны стогн, выкліканы болем або вялікім горам; крык пакуты, адчаю. Дзіўна.. было чуць, калі замест вясёлых дзіцячых галасоў і смеху са школы даносіўся немы енк, галашэнне жанок. Няхай. Рыва, як падсечаная, апусцілася на зэдлік.., і доўгі працяглы енк вырваўся з яе грудзей. Лынькоў. // Гук, падобны да стогну. І міны енк, і бомбы дзікі свіст, І па Радзіме сум прайшлі даўно. Астрэйка.

2. перан. Горкая жальба, нараканне. — Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народа... Чарот.

е́нкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да енчыць (у 1 знач.).

е́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Жаласна стагнаць, крычаць ад болю. [Старая] ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць так, што сэрца разрываецца. Васілевіч. Енчылі непрыбраныя раненыя. Мележ. // Гаварыць з енкам, скардзячыся. — Братачка, паміраць збіраемся, — дрыжачым голасам енчыла жонка старога Хвядоса Пастарунка. Кавалёў. // Абзывацца крыкам, гукамі, падобнымі да енкаў. Журчала рака, і над ёй чалавечым голасам енчыла кнігаўка. Пташнікаў. Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць. Сумётамі дарогу замяло. Макаль.

2. перан. Разм. Назойліва, надакучліва прасіць аб чым‑н.; ныць. Рыпелі вазы, папіскваў гармонік, жаласліва енчыў жабрак, выстаўляючы перад сабой аголеныя абрубкі рук. Мікуліч. Многія [мяцежнікі] падалі на калені, енчылі і прасілі літасці. Грахоўскі.

епа́рхія, ‑і, ж.

Царкоўна-адміністрацыйная тэрытарыяльная адзінка ў праваслаўнай, каталіцкай і англіканскай цэрквах.

[Грэч. eparchía.]

епархія́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да епархіі. Епархіяльная акруга. Епархіяльны архірэй.

епі́скап, ‑а, м.

Вышэйшы сан у хрысціянскай царкве. // Асоба, якая мае гэты сан; архірэй.

[Грэч. epískopos — наглядчык.]

епіскапа́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім вышэйшая царкоўная ўлада належыць епіскапам. Епіскапальная сістэма.

епі́скапскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да епіскапа, епіскапства. Епіскапскі сан.