е́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які раз’ядае, разбурае што‑н. хімічна. Едкая шчолач. Едкая фарба. // Які выклікае моцнае фізічнае раздражненне. Едкі дым. □ Трэба даць уціхнуць зморы ў руках,.. адпачыць целу ад едкага поту. Мележ.
2. перан. З’едлівы, колкі. Едкі сарказм. □ І смех тут быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. / Пра чалавека. — Вот ты едкая, Параска. Нашто табе мяне калоць гэтым пасагам? Лобан.
е́днасць, ‑і, ж.
1. Адзінства, згуртаванасць. Так у жорсткіх баях за камуну Непарушная еднасць расла. Глебка. Нашу эпоху можна назваць эпохай вялікай еднасці .. славянскіх народаў. «Полымя». // Непадзельнасць, неразрыўнасць. Еднасць партыі з народам. □ Андрэй адчувае еднасць з польскімі рабочымі ў Беластоку, да якіх ён прыехаў па заданню партыі папярэдзіць аб правакатары. Хромчанка. // Адпаведнасць, узгодненасць. Балада «Да дня» [М. Танка] вызначаецца еднасцю формы і зместу. У. Калеснік.
2. Агульнасць, супольнасць. Еднасць інтарэсаў.
е́жа, ‑ы, ж.
Тое, што ядуць і п’юць; прадукты харчавання. Мясная ежа. □ Упершыню за многа дзён у нас была сапраўдная вячэра, але елі мы вельмі асцярожна. Я часам забываўся і з прагнасцю накідваўся на ежу. Шамякін. [Дзяншчык] прынёс добры кавалак свініны і усякай другой ежы — у кансервавых бляшанках, у папяровых пакеціках, у шкляных пасудзінках. Лынькоў. Ад ежы аж гнуліся ў хаце сталы. Быў піва і мёду расход не малы. Хведаровіч.
•••
Грубая ежа — простая, цяжкая для перастраўлення ежа.
ез, ‑а, м.
Уст. Плеценая перагародка папярок ракі для затрымання і лоўлі рыбы.
ездавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Прызначаны для язды, які служыць для язды. Ездавая дарога. Ездавыя сабакі. Ездавыя алені.
2. у знач. наз. ездавы́, ‑ога, м. Салдат, які правіць коннай запрэжкай. Іван усё пакрыкваў на ездавога — старога нехлямяжага байца ў дзвюх ватоўках пад шынялём, каб той наганяў хутчэй. Быкаў.
е́зджаны, ‑ая, ‑ае.
1. Прывучаны для язды, аб’езджаны. Езджаны конь.
2. Па якім многа ездзілі; наезджаны. Езджаная дарога.
е́здзіцца, ‑дзіцца; безас. незак., каму.
Разм. Пра ўмовы язды, паездкі. — Вярнуўся мой вандроўнічак! — радасна сустрэла бабка Параска настаўніка: — Ну, як жа вам ездзілася? Колас.
е́здзіць, езджу, ездзіш, ездзіць; незак.
1. Тое, што і ехаць (у 1 знач.), з той розніцай што «ездзіць» азначае дзеянне, якое паўтараецца ў розных напрамках. Ездзіць у горад. Ездзіць на машыне. □ Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Лынькоў. Костусь ездзіў, хадзіў, клапаціўся: жніво ішло, а рукамі, відаць было, нічога зрабіць нельга будзе. Чорны. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. (карыстаючыся транспартам). Яшчэ казаў мой прадзед у свой час, Што будуць ездзіць к нам не за пянькою, А каб вучыцца мудрасці у нас. Прыходзька. — Я так марыў увесь час, што мы будзем жыць суседзямі. У нядзелю мы ездзілі б адзін да аднаго ў госці... Шамякін.
2. Умець карыстацца якім‑н. сродкам перамяшчэння. Умела ездзіць на матацыкле. // Разм. Катацца на каньках, лыжах.
3. перан. Разм. Рухацца, соўгацца па чым‑н. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. Мележ.
4. Разм. Быць, працаваць кім‑н. (пра некаторыя прафесіі). Вася ў дальніх паяздах ездзіць правадніком. Ракітны.
•••
Ездзіць вярхом на кім — мець уладу над кім‑н.
Ездзіць на чыёй спіне, на чыім карку — выкарыстоўваць каго‑н. у сваіх інтарэсах.
езуі́т, ‑а, М езуіце, м.
1. Член манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», адной з самых рэакцыйных і ваяўнічых арганізацый каталіцкай царквы.
2. перан. Пра хітрага, крывадушнага чалавека, здольнага на ўсякую подласць. Пад ласкай вясёлага жартаўніка і балаболкі.. хаваўся хітры езуіт, падхалім-пралаза і крывадушны, з мізэрнай душой чалавек. Машара.
[Ад лац. формы імя Ісус — Jesus.]