Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскла́сціся 1, ‑кладуся, ‑кладзешся, ‑кладзецца; ‑кладзёмся, ‑кладзяцеся; зак.

1. Разм. Раскласці, размясціць свае рэчы, маёмасць. Ганька таксама расклалася з лялькамі тут жа на лаве, каля мацеры. Васілевіч.

2. Прыняць раскладзены выгляд. Ложак лёгка расклаўся.

раскла́сціся 2, ‑кладзецца; зак.

Раздзяліцца на састаўныя часткі, элементы.

раскле́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расклеіць.

раскле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся ў месцах склейкі. Стол расклеіўся. □ [Сусед:] — Ад вашага Івана [пісьмо]. Піша, што ўсё, богу дзякаваць, добра. Яно там недзе расклеілася было, дык я і паглядзеў. Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. Вяселле расклеілася. Гульня расклеілася. // Сапсавацца ад настаўшай непагадзі, слаты. Надвор’е расклеілася. Дарога расклеілася.

3. перан. Разм. Занемагчы, стаць вялым, слабым, заняпасці духам. [Волька:] — Дурная я, плачу [невядома] чаго... Расклеілася. Знемаглася я, сам бачыш... Чорны. [Каця:] — Даруй, Іван, што я так расклеілася. Я ж жывы чалавек... Алешка.

раскле́іць, ‑клею, ‑клеіш, ‑клеіць; зак., што.

1. Разняць склееныя часткі чаго‑н. Потым, калі пісьмо было ўжо ў руках, доўга не знаходзіла [Марыля] у сабе сілы расклеіць канверт. Кулакоўскі.

2. Наклеіць у многіх месцах. Расклеіць афішы. Расклеіць аб’явы. □ Мне трэба .. узяць у .. [настаўніцы] перапісаныя ад рукі друкарскімі літарамі зводкі Саўінфармбюро, занесці іх за пазухай у суседнюю вёску і расклеіць па сценах хат ці на дашчаных платах... Сачанка.

раскле́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расклейваць — расклеіць.

раскле́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да расклеіцца.

2. Зал. да расклейваць.

раскле́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расклеіць.

раскле́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расклейваць — расклеіць.

раскле́йшчык, ‑а, м.

Рабочы, які расклейвае аб’явы, афішы і пад. Расклейшчык аб’яў.

раскле́йшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да расклейшчык.