Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскісля́льнік, ‑у, м.

Спец. Састаў, пры дапамозе якога робяць раскісленне металу.

раскісля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да раскісліць.

раскі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. раскіс, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад дзеяннем вільгаці, вады ператварыцца ў вязкае месіва. Зямля ў стэпе адразу раскісла, набіралася цэлымі пудамі на боты. Даніленка. // Набраўшыся вільгаці, размокнуць, разбухнуць. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне. Карпюк.

2. перан. Расслабіцца, разамлець (ад гарачыні, выпіўкі і пад.). [Незнаёмец] адразу ж раскіс ад яды і цяпла, паваліўся спаць. Асіпенка. // Страціць волю, здольнасць дзейнічаць. — Ты прабач, але ты — баязлівец і панікёр! Пакрытыкавалі — і ты раскіс. Шамякін. Першая нягода — і раскіслі. Ніякая загартоўка не памагае... Навуменка. // Паддацца залішняй чуллівасці. Калі выйшаў Гаварушка, Зіначка нават заплакала, а Захарава з аддзела кадраў праборку ёй давала: — Раскісла! Перараджэнца гэтага шкада стала? Лобан.

раскла́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць ​1 — раскласці ​1.

2. Графік, у якім указваецца час, месца, паслядоўнасць правядзення чаго‑н. Пеця дакладна ведаў расклад усіх паяздоў і да кожнага з іх быў напагатове. Ракітны. Вучні застукалі векамі партаў, зашамацелі сшыткамі — у раскладзе значыўся ўрок па мове. Шахавец. // Парадак, распарадак чаго‑н. Лабановіч прыносіць свой расклад работы ў школе. Колас.

•••

Штатны расклад — дакумент, які вызначае склад работнікаў якой‑н. установы, прадпрыемства з указаннем іх пасад і акладаў.

расклада́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць рэчыва раскладацца ​2, быць раскладзеным ​2.

расклада́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць ​1 — раскласці ​1.

расклада́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць ​2 — раскласці ​2.

расклада́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскласціся ​1.

2. Зал. да раскладаць ​1.

расклада́цца 2, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскласціся ​2.

2. Зал. да раскладаць ​2.

расклада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскласці ​1.

расклада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскласці ​2.

раскла́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раскладкі (у 2 знач.); які выпадае, прыходзіцца згодна раскладцы. Раскладачная норма.

раскла́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладваць — раскласці ​1.