ма́йнік, ‑у, м.
Травяністая расліна сямейства лілейных з дробнымі духмянымі белымі кветкамі.
ма́йскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мая (у 1 знач.). У тую майскую ноч была першая веснавая навальніца. Даніленка.
2. Які мае адносіны да свята 1‑га Мая; першамайскі. Шуміць наша радасць, Як майскі парад. Колас.
•••
Майскі жук гл. жук.
ма́йстар, ‑тра, м.
1. Спецыяліст у якім‑н. рамястве, у якой‑н. галіне вытворчасці. Гадзіннікавы майстар. Буравы майстар. □ Мікалай Бугкавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінаўся над хамутамі. Курто.
2. Адміністрацыйны і тэхнічны кіраўнік асобнага ўчастка вытворчасці (цэха, змены і пад.). Зменны майстар. Дарожны майстар.
3. Чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе. Майстар высокіх ураджаяў. Майстар мастацкага слова. Майстар манументальнай скульптуры. □ Творчасць Янкі Брыля, аднаго з выдатных майстроў беларускай прозы, ўяўляе вялікую цікавасць як для даследчыка-літаратуразнаўца, так і для крытыка. Кучар. // на што і з інф. Разм. Аб лоўкім, здатным да чаго‑н. чалавеку. І дзядзька майстар быў на штукі, І быў механік на ўсе рукі. Колас. Настаўнік быў майстрам апавядаць. Бядуля.
4. Званне, якое прысвойваецца выдатным спартсменам. // Асоба, якая носіць гэта званне. Майстар спорту.
•••
Майстар на ўсе рукі — пра чалавека, які ўмее ўсё рабіць.
ма́йстра, ‑а, м.
Разм. Тое, што і майстар. Майстра браў у рукі напільнік і, крыху ссутуліўшыся, станавіўся ля ціскоў. Асіпенка. Дрэнны з мяне майстра слова, але людзі слухаюць уважліва, рэагуюць на кожную лічбу. Сергіевіч.
майстрава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. майстраваць.
2. Тое, што змайстравана.
майстрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Разм. Прыстройвацца, прыладжвацца. Хлопчык прайшоў з цацкамі ў сталовую, там ён завёў аўтамабіль і пусціў, а потым стаў майстравацца, каб сесці на каня. Гурскі.
2. Зал. да майстраваць.
майстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Рабіць, вырабляць што‑н., звычайна ручным спосабам. Дзед Банэдык сядзеў пад кустом і майстраваў граблі. Чарнышэвіч. Будаўнікі канчалі крыць дахі баракаў і майстравалі сталы і драўляныя ложкі. Броўка.
майстравы́, ‑ога, м.
Уст. Рабочы, рамеснік. З усіх вагонаў пайшлі: мужчыны .. з чамаданамі, партфелямі, дзеці, сяляне ў лапцях, армяках, майстравыя з інструментамі. Галавач.
майстро́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Які належыць майстру. Майстроўскія прылады.
майстры́ха, ‑і, ДМ ‑расе, ж.
1. Кваліфікаваная работніца, якая займаецца якім‑н. рамяством. Праз велізарныя вокны цырульняў відно было, як нудзяцца без работы майстрыхі. Мехаў.
2. на што і з інф. Разм. Умелая, спрытная да чаго‑н. жанчына. [Жанчына:] «Хочаце, усіх рукавіцамі забяспечу, вязаць жа я майстрыха». «Звязда».