Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэба́ты, ‑аў; адз. няма.

Абмеркаванне якога‑н. пытання; спрэчкі. Пасля даклада пачаліся дэбаты. Спыніць дэбаты. □ Пазіраючы ажыўлены рух навакол парламента, мы ўспомнілі, што сёння адбываюцца дэбаты па ратыфікацыі .. пагадненняў. Лынькоў.

[Фр. debats.]

дэбашы́р, ‑а, м.

Той, хто ўчыняе дэбошы; буян, скандаліст. Заўзяты п’яніца і дэбашыр займаецца.. цёмнымі камбінацыямі. «ЛіМ».

дэбашы́рства, ‑а, н.

Паводзіны, учынкі дэбашыра.

дэбашы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Учыняць дэбошы; буяніць, скандаліць.

дэ́бет, ‑у, М ‑беце, м.

Левая старонка прыходна-расходных кніг, куды заносяцца ўсе выступленні, а таксама даўгі і расходы па данаму рахунку; проціл. крэдыт.

[Ад лац. debet — ён вінен.]

дэбетава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да дэбетаваць.

дэбетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Занесці (заносіць) у дэбет. Дэбетаваць рахунак.

дэбето́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дэбету. Дэбетовы запіс.

дэбі́л, ‑а, м.

Чалавек з лёгкай формай прыроджанай псіхічнай непаўнацэннасці, разумовай адсталасці.

дэбі́льны, ‑ая, ‑ае.

Псіхічна непаўнацэнны, разумова адсталы па прыродзе. Дэбільнае дзіця.