Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскілза́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскілзаць.

раскілза́цца, ‑аецца; зак.

Вызваліцца ад закладзеных у рот цугляў. Конь раскілзаўся.

раскілза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Вызваліць ад укладзеных у рот цугляў. Антон саскочыў, раскілзаў каня, а сам сышоў да вады, памыў твар і напіўся з крынічкі. Савіцкі.

раскі́лзвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскілзацца.

2. Зал. да раскілзваць.

раскі́лзваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскілзаць.

раскі́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскінуць.

раскі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Легчы, шырока раскінуўшы рукі, ногі. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек. Лынькоў. // Шырока, у розныя бакі працягнуць свае галіны, лісты; пышна разрасціся. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу. Колас.

2. Размясціцца дзе‑н., заняўшы сабой вялікую прастору; далёка працягнуцца. Вунь аж да Нёмана раскінуўся бяскрайні луг. С. Александровіч. Ад вакзала да самага Амура раскінуўся вялікі новы горад. Грахоўскі.

3. Разм. Патраціцца на што‑н. Гаспадарлівы не надта раскінецца. Прымаўка.

раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

раскіпе́цца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць моцна кіпець. Чайнік раскіпеўся. Вада раскіпелася.

2. перан. Разм. Моцна разгарачыцца, разгневацца. [Дзяцел:] Чуеш! Не ўводзь мяне ў гнеў! Я ў гневе!.. [Чыбук:] А! Балота! Ты што раскіпеўся?! Мележ.

раскірэ́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рэцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і раскарака. Спатыкнуўшыся на раскірэку саху, Цыля нешта па-свойму сказала. Асіпенка.