Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расква́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расквасіць.

2. у знач. прым. Гразкі, размочаны. Глянуўшы наперад, у расквашаную дарожную далячынь, Данік адчуў, як ад няспыннага напружання ў яго пачалі млець рукі, заныла спіна. Краўчанка. Рыгор, а за ім і Віця з расквашанай, але ўсё ж цвёрдай пад нагамі каляіны падаліся на абочыну. Паўлаў.

3. у знач. прым. Разбіты да крыві. [Маці], убачыўшы сына з расквашаным носам, накінулася на Андрэйку. Гамолка.

расква́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расквасіць.

раскве́ціцца і расквяці́цца, ‑меціцца; зак.

Убрацца ў яркія колеры, у што‑н. рознакаляровае. Вуліцы расквеціліся развітальным золатам бяроз і асін. Шахавец. Змяце інтэрвентаў навалу, Змяце мецяжы гнеў народны; Расквецяцца долы і скалы, Іспанія будзе свабоднай! Купала.

раскве́ціць, ‑квечу, ‑квеціш, ‑квеціць і расквяці́ць, ‑квячу, ‑квеціш, ‑квеціць; зак., што.

Убраць што‑н. у яркія колеры, зрабіць рознакаляровым. І тады твары матросаў расцвілі такімі ўсмешкамі, што, здавалася, само сонца прарвалася праз ватную заслону свінцовых хмар і расквеціла акіян ізумрудамі і нябеснай сін[ню]. Лынькоў. Рознакаляровыя ракеты расквецяць неба гіганцкімі букетамі... Новікаў.

раскве́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расквеціць.

2. у знач. прым. Ярка ўпрыгожаны; яркі, рознакаляровы. Яны ўвайшлі ў прасторны светлы пакой, дзе на мяккай расквечанай канапе чакаў іх Кастусь. Якімовіч. Шум, гамана ўзняліся, калі вясельны поезд — пяць расквечаных троек з закручанымі хвастамі, з бомамі і зыкамі гармоняў — паказаўся за сялом на дарозе. Ракітны.

раскве́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расквечваць — расквеціць, расквяціць.

раскве́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да расквеціцца, расквяціцца.

2. Зал. да расквечваць.

раскве́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расквеціць, расквяціць.

расквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Расплаціцца за што‑н., аддаць доўг каму‑н. Расквітацца за дапамогу. □ Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не развіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі. — Які яшчэ доўг? Я ўсё аддала вашай цётцы, расквіталася з вамі назаўсёды. Дубоўка. — Вялікую віну ўзяў я на сябе перад чыгункай, як расквітацца з ёй, і не ведаю... Шынклер. // Адпомсціць за ўчыненую крыўду, зло. Расквітацца мне з.. [фашыстамі] вельмі хацелася і за тое, што ў хляве сядзеў, і што галодны бадзяўся па лясах. Навуменка. — На фоне аснежаных палеткаў прыкмеціў сілуэты двух «фокераў». Думаў, што яны крадуцца да нашага аэрадрома, каб атакаваць нас на пасадцы і такім чынам расквітацца. Алешка.

2. Расстацца з кім‑, чым‑н. назаўсёды, пакінуць каго‑, што‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н., пазбавіцца ад чаго‑н. Вейс даўно расквітаўся з чыгункаю, выйшаў на пенсію, але па-ранейшаму не можа жыць без яе. Арабей. — Мне так і відаць, што хоча мая Тэкля жыць са мной у адно, расквітацца са сваім аднаасобніцтвам. Рылько. — Ды ты ж яшчэ з ім не расквіталася зусім, — намякнуў Некраш на тое, што Вікторыя яшчэ не развялося з Кругловым. Сабаленка.

раскві́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да расквітацца.