Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гу́жам, прысл.

1. На калёсах або санях. Вазіць бярвенне гужам.

2. Чарадой, адзін за адным. І чуюць птушкі — холад, сцюжа Краіну раптам агартаюць... Са смуткам у грудзях яны гужам У край чужацкі адлятаюць. Чарот.

гужо́ўка, ‑і, ДМ ‑жоўцы, ж.

Хрыбтовая, самая трывалая частка сырамяці, якая ідзе на вупражныя гужы.

гужпаві́ннасць, ‑і, ж.

Уст. Павіннасць, якую адбываюць на гужавым транспарце.

гужпаві́ннік, ‑а, м.

Уст. Той, хто адбывае гужавую павіннасць.

гужы́шча, ‑а, н.

Абл. Вяроўка (для звязвання, прывязвання чаго‑н. і пад.), вужышча. [Касцы] ходзяць цэлым натоўпам размерваць сенажаці — з гужышчам ці доўгім сажнем. Каваль.

гуз, ‑а, м.

Пукатасць, нараст на целе чалавека або жывёлы ад удару, запалення і пад. Набіць гуз. □ Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся. Брыль. // Пукатая няроўнасць на чым‑н. Снегу было мала, на каляіністых дарогах чарнелі мёрзлыя земляныя гузы. Чорны. Скрыпучым голасам зарыпіць журавель над студняю з трухлявым дзер[а]вяным зрубам і гузамі лёду каля яго. Колас.

гузава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гузаватага. Чалавек.. лёг на зямлю і, адчуўшы яе гузаватасць, адным махам рукі згроб сабе пад галаву імшыстую купіну. Чорны.

гузава́ты, ‑ая, ‑ае.

Няроўны, з гузамі і пукатасцямі. Гузаваты лоб. Гузаватая бяроза.

гуза́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і гуз. Сінія гузакі відны былі на лбе, падцёкі — ля скроняў, а на самой галаве нічога небяспечнага не заўважалася. Кулакоўскі. Кара на .. [ліпах] патрэскалася, паміж шурпатых гузакоў лёгка можа ўмясціцца дзіцячы кулак. Даніленка.

гуза́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі гузамі. Дзед Талаш падняў вочы на.. каржакаваты гузасты дуб з магутнымі лапамі, як бы чакаючы адказу на свае сумненні. Колас.