гудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; незак.
Разм. Тое, што і гусці. Тэлеграфныя драты прыціхлі — не гудзяць, прыбраліся ў серабрыстыя пацеркі. Пестрак. Роем пчол гудзеў натоўп сялян. Нікановіч.
•••
Гудам гудзець — вельмі моцна гудзець. Буры. Навальніцы. Гудам бор гудзе. Бядуля.
гудну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да гудзець.
гудо́к, ‑дка, м.
1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.
2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.
3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.
гудо́шнік, ‑а, м.
Уст. Музыкант, які іграў на гудку (у 3 знач.).
гудрані́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да гудраніраваць.
гудрані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
Пакрыць (пакрываць) гудронам. Гудраніраваць дарогу.
гудро́н, ‑у, м.
Чорнае смалістае рэчыва — астатак, які атрымліваецца пры перагонцы нафты.
[Фр. goudron.]
гудро́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гудрону. Гудронны пах. // Пакрыты гудронам. Гудронная дарога.
гуж, ‑а; мн. гужы, ‑оў; м.
Скураная ці вераўчаная пятля, пры дапамозе якой хамут злучаюць з дугой і аглоблямі. Уцягнуць гужы ў хамут. □ Конь аглобляй зачапіўся за сасёнку, гуж упёрся ў ствол, і конь спыніўся. Пестрак.
•••
Брацца (узяцца) за гуж гл. брацца.
гужавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да гужа. Гужавая пятля.
2. Які выконваецца жывой цяглавай сілай на калёсах або санях. Гужавыя перавозкі. Гужавая павіннасць. // Які складаецца з калёс, саней і жывой цяглавай сілы. Гужавы транспарт.