Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

дуро́нік, ‑а, м.

Разм. Свавольнік, гарэза. Па вадзе шлёпаюць басанож малыя дуронікі, закасаўшы нагавіцы, задраўшы кашулі. Гарэцкі.

дуро́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Свавольны, гарэзлівы. Дуронае дзіця.

ду́рра, ‑ы, ж.

Трапічная хлебная расліна сямейства злакаў; род сорга.

[Араб. durra.]

ду́рыкі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. дурыцца; свавольства. Хопіць дурыкаў.

дуры́ла, ‑ы, м.

Разм. лаянк. Дурань, дурніца. «Бадай жа ты прапаў, мой мілы! Не знаць бы век цябе, дурылы!» Колас.

дуры́цца, дуруся, дурышся, дурыцца; незак.

Разм. Дурэць, сваволіць; блазнаваць. — Не дурыся, шалапут, то дам капейку на цукеркі. Гартны. Пакінь дурыцца, Андрэй, — стаў строгім Пятро. — Не люблю такіх фокусаў. Шахавец. // Жартуючы, прыкідвацца. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва.

дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.

Разм.

1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.

2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.

3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.

•••

Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.

дурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Забаўляцца, сваволіць, дурыцца. Некалькі хлапчукоў-падлеткаў дурэлі, ганяючыся адзін за адным на прасторным ганку клуба, асветленым гірляндай электралямпачак. Хадкевіч. — Ну, Ігнат, глядзі, брат, Не дурэй, вучыся. Колас.

2. Разм. Прыходзіць у стан адурэння; ачмурацца. Дурэць ад пахаў.

дуст, ‑у, М ‑сце, м.

Хімічнае рэчыва ў выглядзе парашку, якое скарыстоўвалася для знішчэння шкодных насякомых.

[Ад англ. dust — пыл.]

дута́р, ‑а, м.

Народны шчыпковы музычны інструмент з дзвюма струнамі на доўгім грыфе; пашыраны ў таджыкаў, туркменаў, узбекаў. Дутар крануўшы, Галасы таджычкі Рассыпалі пад струнны перабор. Калачынскі.