духа́ншчык, ‑а, м.
Гаспадар, уладальнік духана.
духата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.
Гарачае душнае надвор’е. Духата і пыл гарадскіх вуліц гналі людзей у поле, да мора, на чыстае паветра. Гартны. // Цяжкае, душнае паветра. Можа таму, што Параска сёння пякла хлеб, па ўсёй хаце стаяла духата. Лобан.
духі́, ‑оў; адз. няма.
Спіртавы раствор пахучых рэчываў, што ужываецца як парфумны сродак. Акрамя водару кветак, у пакоі стаяў яшчэ ледзь улоўны пах тонкіх духоў. Васілёнак.
духме́нь, ‑і, ж.
Разм. Душнае надвор’е, паветра; духата. Салодкі сон дзіцячы пасля пылу, духмені. Лынькоў. Ад лесу патыхала духменню. Мележ.
духмя́насць, ‑і, ж.
Прыемны пах, водар. Паветра цякло шырокімі струменямі: то цёплае, напоенае пахам смалы і духмянасцю траў, то вільготнае. Шамякін.
духмя́ны, ‑ая, ‑ае.
З моцным прыемным пахам; пахучы. Мы ляжым на капе духмянага сена пад гарачымі праменнямі ліпеньскага сонца. Асіпенка.
духо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.
Жалезная скрынка (звычайна ўстаўленая ў пліту), у якой гатуюць ежу з дапамогай нагрэтага паветра. У духоўцы .. пяклося прыгатаванае па ўсіх правілах пячэнне. Васілевіч.
духо́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць духоўнага (у 1 знач.). У доме Гольдэнвейзераў яшчэ гімназістам Мікалай Шчакаціхін убіраў у сябе атмасферу вялікай духоўнасці і незгасальнай творчасці. Ліс.
духо́ўнік, ‑а, м.
Свяшчэннік, які пастаянна прымае ў каго‑н. споведзь.