Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ду́расць, ‑і, ж.

1. Разумовая абмежаванасць, тупасць. І калі што якое рабіў, то па вялікай сваёй дурасці, а не па злому намыслу. Лынькоў. І заўсёды так здараецца, што са складанага становішча выблытаешся, а па ўласнай дурасці пападзешся. Шахавец.

2. Неабдуманы, бязглузды ўчынак. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.

дурата́, ‑ы, ДМ ‑раце, ж.

Разм. Дурасць. Лішняя дабрата — дурата. Прыказка.

дурма́н, ‑у, м.

1. Тое, што адурманьвае, ап’яняе (пра алкаголь, чад, пах і пад.). Надзвычайна прыкра убіраць у грудзі мутны дурман адгону. Нікановіч. // перан. Пра тое, што атупляе розум, свядомасць, з’яўляецца сродкам падману. Рэлігія — дурман для народа.

2. Памутненне свядомасці, розуму; адурэнне, ап’яненне. Дурман у галаве. □ Толькі калі часам нап’ецца якісь вясковы хлопец і пачне ў п’яным дурмане задзірацца, жанчыны гаварылі: «Якраз як Сашка Марцінаў». Машара.

дурма́ніцца, ‑ніцца; незак.

Зал. да дурманіць.

дурма́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

Туманіць, кружыць галаву; ап’яняць. Галаву дурманіць густы пах лесу. Мележ. Дурманілі ядловец і смала, І клейкія альховыя пупышкі. Грахоўскі. // перан. Разм. Атупляць розум, свядомасць. І той ці іншы дабрадзей На свой манер пускаў туману, Сябе, другіх яшчэ дурманіў. Колас.

дурма́нлівы, ‑ая, ‑ае.

Які дурманіць, ап’яняе. Пасярэдзіне саду густа аплеценая пахучым дурманлівым хмелем прытульна схавалася за высокім арэхавым дрэвам .. альтанка. Мурашка.

дурма́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адурманьвае, ап’яняе. Дурманнае зелле.

дурнава́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць дурнаватага.

дурнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Не зусім разумны, крыху дурны. Бывалі такія выпадкі, калі які-небудзь дурнаваты язь або лешч, уцякаючы «на ваду», трапляў у сетку. Колас. // Які выражае разумовую абмежаванасць, тупасць. Руды, калматы Ігнат, хутка пасалавеўшы, упяўшы дурнаватыя вочы ў стол, амаль увесь час маўчаў — не дарма далі мянушку — Барак! Мележ.

дурнап’я́н, ‑у, м.

Ядавітая травяністая расліна сямейства паслёнавых з дурманлівым пахам. Перад хатай, дзе ў агародчыку да вайны Вольга вадзіла кветкі — мальвы, вяргіні, півоні, цяпер яшчэ густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну. Мележ.