Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскаша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; заг. раскашайся; незак.

Разм. Тое, што і раскашавацца. [Уладзік Каржакевіч:] — Не хачу, каб ты адзін раскашаўся на тым, што бацька ды мы ўсе нажылі. Крапіва. Вакол яе [старадрэвіны] раскашаўся калючы ажыннік. Сачанка.

раска́шляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Пачаць моцна і доўга кашляць. Крыху счакаўшы, Піліп раскашляўся. Ды так рас кашляўся, што аж заходзіўся. Ермаловіч.

раскашне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. раскошны.

раскашне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Станавіцца раскошным, раскашнейшым. З кожным годам дрэвы ўсё раскашнеюць, хаця і вельмі старыя. Гаўрылкін.

раскашо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і раскашавацца. Свет, у якім адзін чалавек мае магчымасць эксплуатаваць другога, свет, у якім адзінкі раскашоўваюцца на поце і крыві мільёнаў, павінен знікнуць, саступіць месца новаму свету, дзе расквітнее вольная праца .. людзей. «ЛіМ». Трэба людзям дуб ці якая жардзіна — усё сюды, у лясы пятроўскія, едуць. Там ужо і з хатамі не вельмі раскашоўваюцца: не разводзяць харомін. Ракітны.

раскашэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Разм. Пайсці на значныя выдаткі; не паскупіцца. Раскашэліцца на вяселле. □ Меліяранскі .. раскашэліўся і наняў вайсковы духавы аркестр. С. Александровіч. [Міход:] — У нас тут што-што, а хлеб будзе. Ды яшчэ цётка Хіма як раскашэліцца, то і да хлеба сёе-тое знойдзе для такой сваячкі, як вы. Сабаленка.

раскашэ́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскашэліцца.

2. Абл. Раскашавацца. — Вось днямі агульны сход будзе: вытураць Карапыша, хопіць яму тут раскашэльвацца. Даніленка. Пад парканам раскашэльваліся мята і бабіна лета. Чорны.

раска́янне, ‑я, н.

Шкадаванне аб тым, што самім жа зроблена, усведамленне сваёй віны. [Люду] то грызла раскаянне за сваю паспешлівасць, то нават узнімалася злосць на Петрака. Асіпенка.

раска́яцца, ‑каюся, ‑каешся, ‑каецца; зак.

Пашкадаваць аб зробленым учынку, прызнаўшы яго памылковым або благім. Аднак, поўная трывогі, нягледзячы на сварку, .. [Вера] ўчора за вячэрай зноў папрасіла Максіма Сцяпанавіча з’ездзіць да дырэктара інстытута. Папрасіла і раскаялася. Карпаў. Гераіня К. Чорнага выходзіць замуж за кулака па разліку, але вельмі скора павінна раскаяцца ў гэтым кроку. Адамовіч.

расква́кацца, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаць моцна і доўга квакаць. Жабы нешта расквакаліся.