Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскача́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскачаць.

раскача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца тонкім у выніку качання чым‑н. па паверхні. Цеста раскачалася.

2. Разм. Выйсці са стану апатыі, бяздзейнасці. Слаба ў нас праходзіць кампанія агляду вытворчых нарад, не раскачаліся так, як у іншых мясцкомах вузла. Шынклер.

раскача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць тонкім, качаючы чым‑н. па паверхні. Раскачаць цеста на коржыкі.

2. Разм. Вывесці са стану апатыі, бяздзейнасці каго‑н. [Сяргей:] — Ганаруся, што мне ўдалося раскачаць і разбудзіць гэту дрымучую глыбу [Арцёма]. Машара.

раска́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскачваць — раскачаць і раскачвацца — раскачацца.

раска́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да раскачацца.

раска́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскачаць.

раска́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. раскачвацца — раскачацца (у 2 знач.) і раскачваць — раскачаць (у 2 знач.).

раскашава́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раскашавацца.

раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.

Разм.

1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. — Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.

2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.

раскашава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

Разм. Тое, што і раскашавацца. [Іван Іванавіч:] — Хто-хто, а я помню яшчэ, як хвастаў бізун па батрацкіх спінах, калі тут раскашаваў ненажэра Скірмунт. Даніленка. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія, някошаныя травы на берагах дымелі. Караткевіч.