Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раската́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.; каго-што.

Катаючы, надаць вялікую хуткасць каму‑, чаму‑н. Раскатаў санкі і пусціў з гары.

раска́твацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Шмат, доўга катацца; раз’язджаць. [Зёлкін:] Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім? [Зіна:] Ты ж ведаеш, дзе. [Зёлкін:] Я то ведаю... На машыне раскатвалася... Крапіва.

раска́твацца 2, ‑аецца; незак.

Гучаць перарывіста, раскатамі. У канцы вёскі, там, дзе не так даўно раскатваўся вясёлы смех шахтбудаўцаў, пачуліся таксама галасы. Кулакоўскі. А там, у далёкай цемрадзі ночы, усё раскатваліся чэргі, бухалі гранаты. Быкаў.

раска́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Катаць, вазіць каго‑, што‑н. Што ты яго раскатваеш?

2. Разм. Тое, што і раскатвацца ​1. Што гэта будзе, калі кожны возьмецца раскатваць, куды яму ўздумаецца. Аднаму па дзяцей пад’ехаць, другому на кірмаш. Васілевіч.

раскату́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Абудзіцца ад сну. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ.. Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа. Брыль. Язэп доўга не мог раскатурхацца ад сну, і таму Кастусь запрагаў каня сам. Якімовіч. // перан. Выйсці са стану пасіўнасці, разварушыцца. Шнураў канчаткова раскатурхаўся пасля бакала шампанскага, заспяваў «А ў полі вярба», усе падхапілі і дружна праспявалі песню. Гурскі.

раскату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Нямоцна штурхаючы, трасучы, абудзіць ад сну, прымусіць прачнуцца. Мікола моцна спаў, праз сон чуў, як званіў будзільнік, але ён не падняўся, а толькі перавярнуўся на другі бок і зноў заснуў. А потым яго раскатурхала жонка. Гаўрылкін. // перан. Вывесці са стану пасіўнасці, разварушыць. [Лабановіч:] — А самае важнае — мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, .. так жыць нельга. Колас. Толькі самай прыгожай дзяўчыне .. ўдаецца некалькі раскатурхаць Браму. «Полымя».

раскату́рхвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да раскатурхацца.

раскату́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскатурхаць.

раска́цісты, ‑ая, ‑ае.

Гулкі, моцны, з раскатамі. Над лесам пачуўся раскацісты гул самалёта. Кулакоўскі. Юзік, параўняўшыся, грымнуў сваім раскацістым басам: — Здароў, Лявон! Чарнышэвіч. Раптам закружыў вецер, узняўся пыл слупам, ударыў раскацісты гром, секануў буйны дождж. Гурскі.

раскаці́цца, ‑коціцца; зак.

1. Пакаціцца ў розныя бакі. У старой Жыгуліхі якраз на той час у печы дровы раскаціліся. Крапіва. Белыя пацеркі .. раскаціліся ў розныя бакі па падлозе. Броўка.

2. Пакаціўшыся, разгарнуцца, раскруціцца. Сувой палатна раскаціўся праз усю хату. Сачанка.

3. Прагучаць моцна і раскаціста. На ўсходзе за лесам раскацілася .. кулямётная чарга. Быкаў. А кіне [хлопец] свой запарожскі жарт — хваляй раскоціцца рогат турыстаў. Гроднеў.

раскаці́ць, ‑качу́, ‑ко́ціш, ‑ко́ціць; зак., што.

1. Коцячы, раз’яднаць, развесці ў розныя бакі. Раскаціць бочкі. □ Дастаць .. гармонік ніхто не мог. Для гэтага прыйшлося б раскаціць усю кучу бярвення. Якімовіч.

2. Разагнаўшы, паступова надаць вялікую скорасць чаму‑н. Раскаціць каляску.

3. Пакаціўшы, разгарнуць, раскруціць што‑н. згорнутае ў рулон. Раскаціць сувой. □ Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго. Брыль.