Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

губерна́тарстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Быць губернатарам, выконваць абавязкі губернатара.

губерна́тарыха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.

Разм. Жонка губернатара.

губе́рнскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да губерні. Губернскі сакратар. Губернскае праўленне.

•••

Губернскі горад гл. горад.

губе́рня, ‑і; Р мн. ‑рань; ж.

Асноўная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў дарэвалюцыйнай Расіі з пачатку 18 ст. і ў СССР да 1924–29 гг. // Уст. Губернскі горад. Стаіць [гарадавы], як той пастух над статкам, І наглядае за парадкам — На тое ж горад і губерня. Колас.

•••

І пайшла пісаць губерня (жарт. уст.) — усё прыйшло ў рух, пачаўся перапалох.

гу́біца, ‑ы, ж.

Абл. Губка ​4. [Грыгарэц] быў тоўсты .. і меў выгляд навоя, на які толькі што навілі кросны ў дванаццаць губіц. Колас.

губі́цца, губіцца; незак.

1. Траціцца, губляцца. Тое, што.. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

2. Зал. да губіць.

губі́ць, гублю, губіш, губіць; незак., каго-што.

1. Нішчыць, псаваць, рабіць непрыгодным. Ад лясоў, як даведаўся Петрык, і клімат робіцца мякчэйшым, і знікаюць засухі, што губяць пасевы. Якімовіч. // перан. Дарэмна, бязмэтна траціць (час, сродкі, сілы і пад.). Нашто губіць век малады І траціць леты без карысці? Колас.

2. Зводзіць са свету, забіваць. Воўк пад дубам скалазубы — Ажно страх — Варана патрошыць, губіць У кустах. Шушкевіч. // перан. Рабіць няшчасным, пазбаўляць нармальнага жыцця. [Марыля:] Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Купала.

гу́бка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Памянш.-ласк. да губа ​1.

•••

Губкі банцікам — пра невялікі, звычайна жаночы, рот з крыху ўзнятай і прыгожа выгнутай верхняй губой.

гу́бка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Мнагаклетачная беспазваночная марская жывёліна тыпу прасцейшых, якая вядзе сядзячы спосаб жыцця.

2. Мяккі, порысты касцяк некаторых відаў гэтых жывёлін, які добра ўбірае вільгаць і выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы. // Порыстая мачалка з гумы або іншых матэрыялаў. Мыцца губкай.

гу́бка 3, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Высушанае цела губы-грыба, якое служыць для здабывання агню. Сымон, як злодзей, мех знімае, У хлеў падпал кладзе ў куток, Па скалцы крэсівам чок! чок! І іскру ў губцы раздзімае. Колас.

гу́бка 4, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Уст. Мера асновы, палатна даўжынёй на хатнюю сцяну. Рукі ўжо вядуць несканчона доўгую нітку па бярвенчатай сцяне: на хвіліну спыніўшыся, яны палічаць пасмы і зноў снуюць і снуюць — губка за губкай, губка за губкай. Палтаран. Ішла.. [Хіса] пазычыць у сястры бёрда — скора трэба выткаць кросны губак на восем. Каваль.

губкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Падобны да губкі ​2 (у 2 знач.); порысты. Губкаватая рызіна.

губля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Страчвацца, прападаць. Дробныя рэчы часта губляюцца.

2. Рабіцца непрыметным, нябачным, выпадаць з поля зроку. Аляксей Гарачун задуменна паглядзеў уздоўж састава. Канец яго губляўся недзе ў цемры. Васілёнак. Цяжка разгледзець унізе кварталы горада — усё губляецца ў дыме, які валіць з заводскіх комінаў. Новікаў. // Рабіцца нячутным (пра гукі). Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся... Колас. // Перастаць прасочвацца, губляючыся ў далёкім мінулым. Пачатак вырошчвання збожжавых раслін губляецца ў глыбокай старажытнасці.

3. Станавіцца слабейшым, паступова страчвацца. А далей усё пачало рабіцца, як у сне, калі многія дэталі паўстаюць перад табою выразнымі да болю, а некаторыя губляюцца, і пасля цяжка прыпомніць іх. Паслядовіч.

4. Траціць самавалоданне, бянтэжыцца ад хвалявання. Абстраляны чалавек не так губляецца ў цяжкіх абставінах, у яго воля да перамогі не паралізуецца страхам. Новікаў.

5. Зал. да губляць.

•••

Губляцца ў здагадках — не ведаць, на якім з меркаванняў спыніцца.