упы́н, ‑у, м.
Разм. Тое, што і упынак. Перш упыну не было на Юстапа з яго скаргамі. Калюга.
упы́нак, ‑нку, м.
Разм. Спакой. Дома ён не знаходзіў упынку. Маці адчувала прычыну і сілком пачала выпраўляць Аляксея на вячэрнія пагулянкі. Пальчэўскі. Памяць! Ні ўпынку, ні прыпынку ёй. Сабаленка.
•••
Без упынку — не перастаючы, не сціхаючы, не абмяжоўваючы сябе. Хтосьці без упынку балесна енчыць і стогне. Мядзёлка. Ліна балбатала без упынку. «Маладосць».
Няма (не мець) упынку — нельга стрымаць, спыніць. [Крывіцкі:] — Няма ўпынку на хлопцаў, усюды яны ўлезуць. Лобан. Ціха. Толькі лье і лье дождж, няма на яго сёння ўпынку. С. Александровіч.
упыні́ць, упыню, упыніш, упыніць; зак., што.
Абл. Парабіць усё, прывесці ў парадак. За гэты час Валоціч упыніў свае справы, сядзеў у кабінеце, наводзіў парадак у пісьмовым стале, хоць гэты парадак быў і без таго на належнай вышыні. Колас. Маці прыкархнула, прысеўшы каля печы. Змарылася, пакуль упыніла ўсю работу. Лужанін.
упы́рскванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. упырскваць — упырснуць.
упы́рсквацца, ‑аецца; незак.
Зал. да упырскваць.
упы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упырснуць.
упы́рснуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. да упырснуць.
упы́рснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Увесці шпрыцам вадкасць у вену, пад скуру. Упырснуць камфару.
упы́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упырхнуць.
упы́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Пырхаючы, уляцець куды‑н. (пра птушак, матылёў). Раптам.. [на балкончык] упырхнула маленькая птушачка з чорнай галоўкай. Даніленка. // перан. Хутка і лёгка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Гумоўскі] не паспеў і агледзецца, як.. [Адэля] упырхнула ў хату. Броўка.