упрыго́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да упрыгожыцца.
2. Зал. да упрыгожваць.
упрыго́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упрыгожыць.
упрыго́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Набыць прыгожы, прыемны выгляд. За апошнія гады горад разросся, і былая ўскраіна ўпрыгожылася вялізнымі шматпавярховымі дамамі. Пальчэўскі. // перан. Стаць паўней, багацей па зместу. Новымі фактамі ўпрыгожылася дружба паміж польскай і беларускай інтэлігенцыяй Вільні. У. Калеснік.
упрыго́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
Надаць каму‑, чаму‑н. прыгожы выгляд, зрабіць больш прыгожым, яркім; аздобіць. А колькі розных стужак, грабянёў, Хусцінак яркіх, завушніц прыгожых! Якіх яны красуняў упрыгожаць! Танк. Гарадоў нашых вуліцы, плошчы Упрыгожыла мора сцягоў. Машара. Багата і шчодра ўпрыгожыла вясна зямлю, адзеўшы яе зелянінаю, ярыною і жытамі. Колас. І зноў работа закіпела — аж дух займае ў хлопцаў. Спачатку ля краёў столь узорамі ўпрыгожылі, пасля да сярэдзіны дабраліся. Нядзведскі. // Стаць сведчаннем якіх‑н. заслуг (пра ордэны, медалі і пад.). Ордэн Чырвонага Сцяга ўпрыгожыў сцяг камсамола рэспублікі. «Звязда». // перан. Зрабіць больш поўным, багатым па зместу (жыццё, існаванне). Каб зноў жыццё сваё ўпрыгожыць, — За працу возьмемся хутчэй. Астрэйка.
упрыку́ску, прысл.
Адкусваючы цукар драбкамі (піць чай, кофе і пад.). Чай гаварылі густы, ажно чорны, рафінад не кідалі ў шклянкі — не было лыжачкі, пілі ўпрыкуску. Шамякін.
упры́сядкі, прысл.
Прысядаючы і папераменна выкідваючы ногі (танцаваць). Галуза зайграў, паступова паскараючы тэмп. З натоўпу выскачыў вусач і пусціўся ўпрысядкі, а потым закружыўся ваўчком. Гурскі. Свістуноў гоцаў ўпрысядкі перад Раманам Раманавічам, запрашаючы яго ў круг. Паўлаў. / у вобразным ужыв. За сталом працуем так актыўна, Аж ідуць упрысядкі насы! Барадулін.
упрыты́к, прысл.
Разм. Блізка, без прамежку, шчыльна прымыкаючы да чаго‑н. Моцныя дубовыя дошкі, без адзінай шчылінкі, збітыя ўпрытык, апаясвалі сядзібу хутара. Лупсякоў. Стол быў пастаўлены насупраць акна, упрытык да падаконніка; на стале стаяла гліняная паліваная ваза з пажухлымі кветкамі. Чыгрынаў.
упрэ́гчы 1, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., каго.
1. Запрэгчы ў павозку, воз і пад. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, шпарка ўпрог у аглоблі кабылу і рушыў на двор ратушы. Чорны.
2. перан. Разм. Уключыць у работу, прымусіць многа працаваць. Вы, Павел Андрэевіч, відаць, па злосці мяне ў дакладчыкі ўпісалі. — Прафесар зірнуў Будніку ў твар. — Я ж разумею, даклад вам даручалі, а вы і мяне ў яго ўпрэглі. Галавач.
упрэ́гчы 2, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., што.
Тое, што і упражыць. Упрэгчы боб.
упрэ́гчыся 1, упрагуся, упражэшся, упражэцца; упражомся, упражацеся, упрагуцца; пр. упрогся, упрэглася; заг. упражыся; зак.
1. Запрэгчы сябе ў павозку, воз і пад. Узлажыўшы хамут з дугою на калёсы, Сяргей упрогся і пацягнуў у гай. Нікановіч.
2. перан. Разм. Уключыцца ў работу, многа і цяжка працаваць. Па духу пісьма можна было зразумець, што.. [Кудзельскі] на новым месцы ўжо абжыўся як след і па-сапраўднаму ўпрогся ў работу. Алешка. [Андрэй] вярнуўся перад жнівом дахаты і зноў упрогся ў ярмо на бацькавай гаспадарцы. Машара.
упрэ́гчыся 2, упражэцца; пр. упрогся, упрэглася; зак.
Тое, што і упражыцца.
упрэ́жаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад упрэгчы 1.
упрэ́жаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад упрэгчы 2.