даўно́, прысл.
1. Раней, задоўга да цяперашняга часу. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы І травы павялі. Колас. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль.
2. На працягу доўгага часу, здаўна і да цяперашняга моманту. Не любяць панскай яны ўлады, Даўно чакаюць нейкіх змен. Колас. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.
даўноміну́лы, ‑ая, ‑ае.
Які існаваў, адбыўся ў далёкім мінулым. Даўномінулыя падзеі.
•••
Даўномінулы час гл. час.
даўны́м-даўно́, прысл.
Разм. Вельмі даўно. Даўным-даўно, яшчэ пры панах, на беразе Зялёнага возера стаяў прыгожы маёнтак. Ваданосаў. Некалі, даўным-даўно, жыў у адной вёсцы працавіты селянін Саўка. С. Александровіч.
даўню́тка, прысл.
Разм. Даволі даўно. — Даўнютка мы з табою не хадзілі вось так, удвух, — сказаў .. [Кашын], як ішлі з прахадной. Карпаў.
дафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.
Скончыць фарбаванне, афарбоўку чаго‑н.; афарбаваць да якога‑н. месца. Дафарбаваць падлогу. Дафарбаваць столь да сярэдзіны.
дафарбо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да дафарбоўваць.
дафарбо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дафарбаваць.
дафарбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дафарбоўваць — дафарбаваць.
дафастрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што.
Скончыць фастрыгаванне чаго‑н. Дафастрыгаваць блузку.
дафастрыго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дафастрыгаваць.